Горад

У Гродне хочуць усталяваць камяні памяці, прысвечаныя вядомым вязням гета

Мемарыяльныя камяні з імёнамі яўрэяў-выхадцаў з Гродзеншчыны, якія пацярпелі ад Халакоста, могуць усталяваць на вуліцах горада ўжо ў 2018 годзе. Для ўзгаднення праекта з Міністэрствам культуры ініцыятары ў Гродне збіраюць неабходныя дакументы.

Два першыя камяні спатыкнення (памяці) ў Гродна прывёз з Германіі сябар мясцовай сінагогі Райко Ласанчук. Памятныя камяні прысвечаны вязням гродзенскага гета: Феліксу Зандману і Георгію Хасiду, якім удалося перажыць Халакост.

Камяні спатыкнення (ням. Stolpersteine) — праект нямецкага мастака Гюнтэра Дэмніга. Гэты мемарыял павінен нагадваць людзям пра лёсы ахвяр нацызму, пра тых, хто быў забіты, сасланы ці даведзены да самагубства. Большасць камянёў усталявана ў памяць яўрэйскіх ахвяр нацызму. Іншыя камяні ўсталяваны ў памяць цыган, Сведак Іеговы, гомасексуалаў, левых, удзельнікаў Руху Супраціўлення і інш.

«Камяні прывезлі ў Гродна з Германіі яшчэ ў жніўні, але ўсталяваць іх не так проста, бо трэба дазвол ад уладаў. Пакуль у нас два камяні, рыхтуем яшчэ пяць, — распавядае адзін з ініцыятараў ідэі ў Гродне, прадстаўнік Асацыяцыі іўдэя-хрысціянскага дыялога „Shomer — International“ у Беларусі Яўген Калодзін. — У будучыні можна і цэлую алею зрабіць».

Такія камяні ёсць па ўсёй Еўропе і Яўген спадзяецца, што з’явяцца яны і ў Гродне. Зараз ён чакае прыезду ініцыятараў праекта для перамоваў з мясцовымі ўладамі.

«З камянямі павінны захоўвацца ўспаміны пра пераследы нацысцкай эпохі. Яны заахвочваюць мінака спыніцца і прачытаць напісанае. Хочацца верыць, што ў Беларусі пачнем гэтую важную ініцыятыву з Гродзенскай зямлі. Без ушанавання памяці не атрымаецца весці практычны дыялог паміж яўрэямі і хрысціянамі ў Беларусі, як і ў іншых краінах Еўропы».

Як выглядае камень памяці

Камянямі спатыкнення з’яўляюцца кубічныя бетонныя камяні з бокам 10 см, акаваныя лістамі латуні з надпісамі. У гарадах Еўропы камяні ўбудаваны ў маставыя ці тратуары перад былымі дамамі ахвяр нацызму. На латуневай пласціне выгравіравана імя, год нараджэння, год і месца смерці чалавека.

50 000 камянёў па ўсёй Еўропе

Сама ідэя з камянямі спатыкнення нарадзілася ў мастака Гюнтэра Дэмніга ў 1993 годзе, у наступным годзе ён прадставіў яе на выставе ў Кёльне. Да красавіка 2015 года было ўстаноўлена 50 000 камянёў у 1200 гарадах і мястэчках Германіі, Аўстрыі і іншых еўрапейскіх краінах.

«Такія камяні ёсць па ўсёй Еўропе: дзесьцi вызначаныя межы гета, дзесьцi пазначаныя знакавыя асобы, якія жылі на гэтых землях: хто выжыў, хто загінуў і г. д., — распавядае старшыня рэлігійнай іудзейскай абшчыны Гродна Барыс Квяткоўскі. — Сама ідэя цікавая: людзі ідуць, могуць зацікавіцца і звярнуць увагу. Так застаецца памяць пра тых людзей, якіх ужо няма».

Два камяня — недастаткова, трэба больш

У гарвыканкаме ініцыятарам устаноўкі камянёў растлумачылі, што згодна з заканадаўствам трэба падрыхтаваць і накіраваць у Міністэрства культуры шэраг дакументаў на ўзгадненне. Зараз ініцыятары хочуць даведацца грамадскую думку і шукаюць спосабы рэалізаваць праект.

«Вядома, два камені гэта недастаткова, каб увекавечыць выбітных яўрэяў з Гродна. Усталяваць камяні, якія ўжо ёсць, не складана, а вось каб яшчэ вырабіць — спатрэбяцца сродкі, якія трэба будзе збіраць або ствараць асобны фонд», — разважае Барыс Квяткоўскі.

Старшыня рэлігійнай іудзейскай абшчыны Гродна Барыс Квяткоўскі з першымі камянямі спатыкнення
Да 2012 года кошт аднаго каменя спатыканьня складаў 95 еўра. З 2012 года кошт вырас да 120 еўра. Камянi вырабляюцца ўручную. У асноўным выдаткі на праект пакрываюцца за кошт дабрачынных збораў і ахвяраванняў.

Даведка

У час Другой сусветнай вайны з 29 000 гродзенскіх яўрэяў у жывых засталося каля 300 чалавек. Большая частка загінула ў канцлагеры Аўшвіц-Біркенаў. Жыць пасля вайны ў Гродна вярнуліся толькі некалькі дзясяткаў яўрэяў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродне прадаюць маёмасць фірмы «Новое зрение». Клініку пазбавілі ліцэнзіі - яна сышла з Беларусі

У Гродне з аўкцыёну прадаюць памяшканне афтальмалагічнага цэнтра "Новое зрение" на вул. Леніна, 13-3. У…

15 красавіка 2025

У Гродне адкрыўся «партал у 90-я» — чарачная DEHDИ. Уладальнікі адсылаюць да рускіх фільмаў

Чарачная “са смакам дзяцінства” DEHDИ адкрылася ў Гродне на вул. 1-й Працоўнай, 8. Уладальнікі абяцаюць,…

15 красавіка 2025

У Гродне з’явіўся «пакой лютасці» — там легальна можна знішчаць рэчы і тэхніку

У Гродне на Лідскай, 15А адкрыўся "пакой лютасці". Ва ўстанове пад назвай «Дебошь» можна скінуць…

15 красавіка 2025

«Гэта правакацыя». Польшча пракаментавала адкрыццё расійскага консульства ў канфіскаванай польскай школе ў Гродне

Польскае Міністэрства замежных спраў лічыць правакацыяй перадачу былога будынка Польскай Мацежы Школьнай у Гродне пад консульства…

15 красавіка 2025

У Triniti з’явілася крама морапрадуктаў, дзе прадаюць «шахматныя» рулеты з рыбы

Гродзенец Дзмітрый Аксюцік адкрыў на другім паверсе Triniti астравок, дзе прадае морапрадукты. У наяўнасці -…

15 красавіка 2025

У школе Гродна папрасілі не выкарыстоўваць георгіеўскую стужку ў малюнках. Адгадайце, хто абразіўся

У гродзенскай школе праводзілі конкурс малюнкаў да Дня Перамогі 9 траўня. У адным з чатаў…

14 красавіка 2025