У кожнай вобласці вызначаны аграгарадкі і пасёлкі, на аснове якіх будуць адпрацоўвацца пілотныя праекты па стварэнні «вёскі будучыні», паведаміў сёння намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы.
Такія «вёскі будучыні» будуць стварацца на базе аграгарадкоў. У якасці прыкладу, да чаго яны павінны імкнуцца, віцэ-прэм'ер назваў аграгарадок Верцялішкі і вёску Копысь, паведамляе БЕЛТА.
«Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва зараз актыўна распрацоўвае канцэпцыю праекта. Думаю, што у 2018 годзе юрыдычна гэта ўсё ўзаконім», — адзначыў віцэ-прэм'ер.
Міхаіл Русы таксама звярнуў увагу на тое, што жыхары сельскай мясцовасці павінны больш актыўна выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі. «Мы з Белаграпрамбанкам зараз прадумваем праграму па стварэнні цэнтраў, дзе людзі змогуць навучыцца, да прыкладу, аплачваць камунальныя паслугі праз інтэрнэт. Без ІТ-тэхналогій немагчыма», — падкрэсліў ён.