У захапляльным матчы, які праходзіў у Гродне ў панядзелак 27 лістапада, «Нёман» здолеў абыграць прынцыповага суперніка — мінскае «Юнацтва». Зыход сустрэчы вырашылі пасляматчавыя буліты, у якіх больш дакладнымі былі гродзенскія хакеісты.

Разам з «Юнацтвам» вярнуўся ў Гродна і вялікі хакей, на які ходзяць заўзятары. Матч лепшых каманд Беларусі ў гродзенскім лядовым наведала каля 1800 чалавек.

У першым і другім перыядах каманды не здолелі вызначыцца, хоць і шмат атакавалі. Усё самае цікавае ў асноўны час адбывалася ў трэцім перыядзе. З пачаткам апошняй дваццаціхвілінкі, а менавіта на 41-й хвіліне, «Нёман» у большасці адкрыў лік у матчы. Дакладным кідком адзначыўся капітан Андрэй Коршунаў. Госці здолелі адыграцца толькi праз 8 хвілін і зрабілі яны гэта таксама ў большасці. У «Юнацтва» закінуў Парфеявец.

Да канца асноўнага часу каманды шмат атакавалі, але забіць больш нікому не ўдалося. У дадатковы час таксама закінутых шайбаў заўзятары не ўбачылі. А ўжо ў серыі булітаў поспех быў на баку «Нёмана» і пераможны кідок на свой рахунак запісаў Арцём Ляўша.

«Нёман» — «Юнацтва» 2:1 (бул.) (0:0, 0:0, 1:1, 0:0, 1:0)

галы:
40.41 1:0 — Коршунаў (Бадун, — бол.)
48.26 1:1 — Парфеявец (Туркін, Славак, — бол.)
65.00 2:1 — Ляўша (вырашальны кідок)

«Нёман» працягвае сваю пераможную серыю і перамога над «Юнацтвам» стала для гродзенскай каманды дзявятай запар.

У турнірнай табліцы «Нёман» зраўняўся з «Гомелем» і каманды цяпер дзеляць 3 і 4 месца з 47 ачкамі.

Свой наступны матч каманда Сяргея Пушкова правядзе 30 лістапада на выездзе ў Жлобіне, дзе сустрэнецца з мясцовым «Металургам».