Капітальны рамонт дома № 5 па вуліцы Гогаля пачаўся ў жніўні. Будынак 1960-х гадоў рамантуюць упершыню, але, па словах жыхароў, рамонт не вырашае адну з галоўных праблем — ліўнёўку, з-за адсутнасці якой дом падтапляе пасля кожных дажджоў. Жыхары дома кажуць, што калі не вырашыць гэтую праблему, то ўвесь капрамонт будзе марным.
Калі не вырашыць праблему — рамонт будзе марным
Сваю праблему з адводам вады жыхары дома спрабуюць данесці да гарадскіх уладаў ужо некалькі гадоў.
«У нас у двары створаны жудасныя антысанітарныя ўмовы. Любы дождж — і ў нас збіраецца вада, якая залівае пад’езд і падвал. — распавядае жыхар дома Аляксандр Малмыга. — Гэтая праблема існуе з часоў пабудовы дома. Каля 15 гадоў таму мы спрабавалі вырашыць яе самастойна і рабілі ў каналізацыйных люках адтуліны для зліву вады. Але супрацоўнікі ЖЭСу замянілі нам люкі і калі нас затаплівала, то прыязджалі і ўздымалі іх.
Зараз, калі горад упершыню вырашыў наш дом давесці да ладу, пра адвод лiўнёвых вод ніхто нават і не заікнуўся. Кажуць, што няма сродкаў на гэта, і жыхары павінны рабіць гэта за свой кошт. А ў нас дом маленькi, усяго 24 кватэры, у якіх жывуць у асноўным пенсіянеры, і знайсці вялікую суму проста нерэальна. А калі праблему з адводам вады не вырашыць, то ўвесь рамонт будзе марным".
Жыхары дома адзначаюць, што ўсё жыццё плацілі падаткі, каб іх дом і тэрыторыя побач былі ў добрым стане.
Адхіляцца ад праекту нельга
Будаўнічая брыгада, якая займаецца капрамонтам, аб праблеме ў доме ведае, але адхіліцца ад свайго праекта не можа, бо атрымае штраф. Змены ў праекце можа ўносіць толькі заказчык, якім з’яўляецца гарадская ЖКГ. Адзінае, што зрабілі будаўнікі, дык гэта збудавалі адмостку пад’езда. Але гэта праблему не вырашае.
Так падтапіла дом вясной 2017 года:
«Скардзяцца жыхары пастаянна. Ужо дзве суботы запар мы праводзілі сустрэчы з імі, але не ўсе разумеюць, што не ў нашай кампетэнцыі вырашаць іх праблемы. Заказчык ЖКГ на сустрэчу з мясцовымі жыхарамі яшчэ не прыходзіў, а мы толькі выканаўцы. Калі заказчык прафінансуе працы і будзе ўзгоднены праект, то мы будзем працаваць і вырашаць таксама астатнія праблемы ў доме», — распавёў прадстаўнік будаўнічай арганізацыі, якая займацца капрамонтам, Сяргей Кунцэвіч.
У ЖКГ паабяцалі выслухаць
У панядзелак 27 лістапада жыхары дома разам са старшынёй арганізацыі «Экаманiторынг» Яўгенам Філімонавым, якi мае намер прадстаўляць гараджан, былі на прыёме ў намесніка генеральнага дырэктара ЖКГ па капрамонце Віктара Бурдзея. Спецыяліст выслухаў гараджан i паабяцаў, што ў пятніцу 1 снежня прадстаўнікі ЖКГ ўсё ж прыйдуць на сустрэчу з мясцовымі жыхарамі і паспрабуюць паглыбіцца ў іх праблемы.
Жыхары дома, калі ЖКГ іх праблемы не зможа вырашыць, маюць намер пайсці на прыём да старшыняў гарвыканкама і аблвыканкама.