ДТЗ адбылося ноччу 26 лістапада на бульвары Ленінскага камсамола.
Аўтамабіль «Сузукі» ехаў з боку кальцавой развязкі з вуліцай Горкага і ўрэзаўся ў мікрааўтобус «Фольксваген», які стаяў перад чырвоным сігналам светлафора, паведамляе ДАІ Гродзенскай вобласці. Кіроўца «Сузукі» ніколі не меў правоў і быў п’яны, як і яго пасажыр на пярэднім сядзенні.
Перад гэтым парушальнік адзначаў хрэсьбіны дачкі. Затым вырашыў адвезці дзядзьку сваёй жонкі дадому на праспект Будаўнікоў. Пасля аварыі віноўнік ДТЗ прасіў другога кіроўцу разабрацца на месцы без ДАІ, але атрымаў адмову. Утрыманне алкаголю ў парушальніка перавышала дапушчальную норму больш, чым у пяць разоў. Ён казаў, што ад свайго дома да скрыжавання праехаў каля ста метраў.
І віноўнік аварыі, і яго пасажыр не былі прышпіленыя рамянямі бяспекі. Пасажыра з траўмамі змясцілі ў бальніцу.