Суд прызнаў спадара Валковіча вінаватым у здзеках з жывёлы і пакараў штрафам у 12 базавых (276 рублёў). Пры гэтым жывёла засталася з гаспадаром.

Праверку ў дачыненні да Валковіча пачалі ў кастрычніку, калі на яго прыйшла заява ў міліцыю. У лістападзе ў судзе Ленінскага раёна прайшлі два пасяджэнні. Мужчыну прызналі вінаватым.

Яшчэ да суда ў ходзе праверкі міліцыі сабака быў скіраваны на медыцынскае абследаванне ў гарадскую ветстанцыя. Пёс — метыс лабрадора, яму 1 год. Ветэрынары паставілі дыягназ — знясіленне і себарэя скуры. Вага сабакі складала 9,5 кг (звычайны лабрадор у гэтым узросце важыць ужо больш за 30 кг).

Валанцёры арганізацыі «След жыцця» адзначаюць, што ўчастковы асабіста бачыў і засведчыў, што сабака ў кватэры Валковіча знаходзіўся на кароткай прывязі ў 20 см без доступу да вады.

У судзе гродзенец Валковіч раскаяўся, прызнаў віну і паабяцаў, што такое больш не паўторыцца. Сабака застаецца з ім.

Валанцёраў рашэнне суда не задаволіла. Яны кажуць, што здзекі з жывёлы працягваюцца.

«Мы занепакоеныя, што сабаку пакінулі з гэтым чалавекам, — распавяла Hrodna.life прадстаўнік арганізацыі „След жыцця“ Дар’я Рашэтнікава. — Увечары пасля суда Валковіча бачылі з сабакам на вуліцы, ён збіваў яго. Ёсць у нас сведкі, якія ўжо гатовыя пайсці пісаць чарговую заяву. Гэты чалавек не выправіўся і пакідаць з ім жывёлу вельмі небяспечна. Тым больш, у яго гэта не першы сабака, якi знаходзіцца ў небяспечных умовах».


Першы выпадак у Гродне, калі чалавека пакаралі за здзек з жывёлы, адбыўся ў маі 2016 года. Тады валанцёры арганізацыі «Адданае сэрца» змагаліся за сабаку па мянушцы Лоры. У выніку па рашэнні суда жывёліну ўдалося забраць, а гаспадыню прызнаць вінаватай і пакараць згодна штрафам у 20 базавых велічынь.