Першая кніга з малюнкамі гродзенскай мастачкі, шматдзетнай маці Іны Папаратнай ужо з’явілася ў гарадскіх кнігарнях. З нагоды першага дня продажу кнігі “Собака Фрося и ее люди”, якую праілюстравала Іна, крама “Бэбі-бук” зладзіла сустрэчу мастачкі з чытачамі.
“Мы чакалі кнігу цэлы год і ў конкурсе ад пачатку за Іну заўзелі, – распавяла Святлана Рыдван з кнігарні “Бэбі-бук”. – Калі даведаліся, што кніга выйшла, вельмі ўзрадаваліся і пастараліся адразу яе прывезці. Думаю, для Гродна гэта падзея. У серыі “Новая дзіцячая кніга” выдаюцца вельмі цікавыя і сучасныя творы. Яны вельмі запатрабаваныя”.

На ўсе ілюстрацыі далі каля трох месяцаў. Маляваць прыйшлося ад раніцы да вечару. На творчыя пошукі і чаканне натхнення пры такім рэжыме проста няма шанцаў, прызнаеца Іна. Калі здала працу, хацелася толькі аднаго – адпачыць і ні за што не брацца.
“Зараз, калі выйшла кніжка, калі пайшлі артыкулы, запрашэнне на тэлебачанне – адчуваю вялікую аддачу ад тых прыкладзеных намаганняў. Гэта так прыемна і хвалююча. Бачу ў гэтым узнагароду за тое, што я ўкладала ў малюнкі”.

Да новага году кнігарня “Бэбі-бук” разам з Інай рыхтуюць для гродзенцаў яшчэ адзін падарунак – насценны каляндар з новымі забаўнымі героямі ад мастачкі. Як мяркуюць стваральнікі, пазітыву ад календара і яго герояў хопіць на цэлы год.





