«Танцы гродзенскіх дворыкаў» цягам лета вучылі гараджан і турыстаў скакаць пабытовыя беларускія танцы. Зараз шмат хто з наведвальнікаў дворыка на Савецкай можа з веданнем справы станчыць і кракавяк, і польку «з каблучком». Каб танцоры не заседжваліся па восені, музыкі з дворыка вырашылі сабраць аматараў пабытовых танцаў на цэлую ноч у адной з сядзібаў бліз Гродна. У госці чакаюць музыкаў і танцораў з Беларусі і замежжа.
«Простая вулічная забава», з якой пачаліся танцы ў дворыках, проста на вачах ператварылася ў значны сацыяльны праект, мяркуе Андрэй Бароўскі, гарманіст капэлі дворыка.
Улічваючы, што турысты праяўлялі да танцаў пад гармонік і дуду вялікую цікавасць, запрасіць у бязвізавы Гродна на ноч танцаў вырашылі і замежных танцораў ды музыкаў.
«На нашу думку, сустрэча будзе вельмі цікавая і насычаная. Мы прапануем гасцям экскурсію-шпацыр па дворыках старога Гродна, правядзём майстар-класы для знаёмства з харэаграфічнымі традыцыямі Гродзеншчыны і памежных рэгіёнаў Польшчы і Літвы. Асноўнай і самай цікавай часткай сустрэчы будзе ноч традыцыйных танцаў.
Ад вечара да самага ранку без перапынку будуць граць запрошаныя капэлі. А ўсе жадаючыя змогуць далучыцца і атрымаць задавальненне ад танцаў пад жывы гук».
«Жывая музыка для танцаў мае несумнеўную каштоўнасць, — мяркуе дудар Аляксандр Жура. — для музыкаў і танцораў гэта шанец „выйсці ў народ“ і паказаць, як арганічна ўпісваюцца традыцыйныя народныя танцы ў сучасную прастору горада, як не хапае ў эпоху электроннага трансу тых чалавечых стасункаў і эмоцый, якія суправаджаюць народныя танцы».
«Прыходзілі на танцы ўсёй сям’ёй, — узгадвае лета бубнач Андрэй Шыдла. — Вельмі прыемна, што нашыя дзеці падрастаюць у асяродку традыцыйнай культуры. Старэйшая дачушка Надзейка ўжо вывучыла некалькі танцаў і з прыемнасцю іх успамінае. Малодшая Аленка нават просіцца часам зайсці ў „наш дворык“. Для нас, бацькоў, гэта выдатная магчымасць забыць пра будзённыя клопаты, весела патанцаваць і знайсці новых цікавых сяброў».
Музычна-танцавальны рух развіваецца зараз у розных краінах, прычым пераважна — у вялікіх гарадах. Не дзіва, што і Гродна далучыўся да гэтай плыні.
«Маем намер і надалей іграць і ў цёплы сезон у дворыках, і пры любой магчымасці, незалежна ад часу года, пакуль стане сілаў, — прызнаецца Аляксандр Жура. — Да тае пары, пакуль нашы танцы не стануць неад’емнай часткай гарадской рэчаіснасці і адметнасцю, па якую да нас будуць прыязджаць з іншых краін і гарадоў».
Адбудзецца першая гродзенская ноч танцаў 11−12 лістапада ў сядзібе «Райскі куток», гаспадар якой ласкава пагадзіўся прадставіць танцорам і музыкам сваю залу.
Інфармацыя аб імпрэзе будзе абнаўляцца ў суполцы.
На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…
Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…
Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…
Праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы прадаюць трохпакаёўку ў новым доме.…
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…