Да ПанЕўрапейскіх назіранняў за птушкамі гродзенцы далучыліся ўжо 16-ы раз. Усяго ў сёлетніх назіраннях удзельнічае 40 краін нашага кантыненту. Гродзенскі «назіральны пункт» сябры аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны» арганізавалі ў парку Жылібера 30 верасня. Сёлета да іх далучылася рэкордная колькасць гараджан.
Безумоўнай цікавосткай стала оптыка, даступная не кожны дзень. Праз тое мінакі ахвотна далучаліся да назіранняў.
А людзей у парку было шмат — добрае надвор’е і выходны дзень спрыялі шпацырам.
Так блізка, як дазваляе бінокль ці падзорная труба, цікава паглядзець нават на звыклых качак ці галубоў, адзначалі ўдзельнікі. Асабліва цікавіліся магчымасцямі оптыкі дзеці.
[irp posts="314″ name="Хобі на ўсё жыццё. Зміцер Вінчэўскі расказвае, як стаць гарадскім бёрдуотчарам"]
А калі ўдавалася разгледзець амаль нябачную простым вокам птушку ў кронах дрэў, то і дарослыя радаваліся як дзеці.
За некалькі гадзін да назіранняў далучыліся 210 дарослых і 135 дзяцей. Па словах арнітолага Дзмітрыя Вінчэўскага, гэта рэкордная за 16 гадоў гродзенскіх ПанЕўрапейскіх назіранняў колькасць удзельнікаў.
Асноўнымі аб’ектамі назірання ў парку Жылібера былі качкі-крыжанкі, шызыя галубы і шэрыя вароны.
У нядзелю 1 кастрычніка назіранні працягнуцца ўжо за межамі горада. Будзе арганізавана палявая экскурсія на Нёман і вадасховішчы каля вёскі Свіслач. Там можна будзе назіраць за міграцыяй вераб'іных птушак, качкамі і кулікамі. Усяго плануцца адзначыць каля 50 відаў птушак.
[irp posts="7420″ name="Ці трэба карміць птушак у горадзе? Тлумачыць Дзмітрый Вінчэўскі"]