Гродзенскія хакеісты ў чацвер 21 верасня правялі ў Магілёве чарговы тур чэмпіянату Беларусі і абыгралі там аднайменны клуб з лікам 8:3.

“Магілёў” трымаў інтрыгу ў матчы да трэцяга перыяду. Але ў апошняй дваццаціхвілінцы гродзенцы здолелі на майстэрстве даціснуць суперніка і давесці лік да разгрому.

“Магілёў” – “Нёман” 3:8 (1:1, 1:2, 1:5)

Галы:
02:08 1:0 – Бадалян (Вусiк, Iдзiятуллiн)
19:32 1:1 – Рэмезаў
26:31 2:1 – Вусiк (Кобус, Коташэнка, – бол.)
27:26 2:2 – Пасют (Стэфановіч, – мен.)
33:29 2:3 – Рэмезаў (Кліменка, Стэфановіч)
40.43 2:4 – Пасют (Хараманда, Кіслы, – мен.)
45:09 2:5 – Стэфановіч (Хараманда, Ляўша)
50:35 3:5 – Яравой
55:43 3:6 – Савінаў (Кліменка, Пасют)
56:04 3:7 – Кліменка (Багданоўскі, Савінаў)
58:04 3:8 – Бадун (С.Маляўка, – бол.)

Галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Пушкоў застаўся задаволены вынікам гульні, але яго турбуе мноства прапушчаных галоў у апошні час.

“Гульня, у эмацыйным плане, была трошкі складанай для нас пасля паўфінальнага матчу з “Юнацтвам”. Малайцы гаспадары, што з першай і да апошняй хвіліны стараліся супрацьстаяць нам. Біліся, рабілі ўсё, што маглі. Але ў выніку тыя моманты, якія мы стваралі, пачалі рэалізоўваць. Вынік прапушчаных намі галоў – грубыя памылкі ў абароне. Я ўжо казаў раней пра гэта, што сталі шмат прапускаць. Стараемся надаваць гэтаму больш увагі на трэніроўках, але пакуль не атрымліваецца. Усё гэта прыводзіць да такіх вось галоў. А так, у прынцыпе, вынікам задаволены і тым, што хлопцы давялі сённяшні матч да перамогі”.

Пасля перамогі над “Магілёвам” дружына Сяргея Пушкова паднялася ў турнірнай табліцы на трэці радок і мае ў сваім актыве 13 ачкоў. На адзін бал больш толькі ў “Шахцёра” і “Юнацтва”.

Наступны матч “Нёман” правядзе ў Брэсце 23 верасня, дзе сустрэнецца з мясцовай камандай.