Гродзенскія яўрэі ўвечары 21 верасня сабраліся ў сінагозе і пачалі адзначаць адно з найважнейшых святаў года – Рош Ха-Шана – яўрэйскі Новы год. Для яўрэяў усяго света, гэта важнае свята, з iм звязана многа сімвалічных абрадаў. Традыцыйна ў гродзенскай абшчыне ў дзень святкавання Новага года, акрамя святочнага застолля, рабін Іцхак Кофман трубіць у шофар, а пазней з людзьмі моліцца каля ракі.
Рош Ха-Шана – адно з самых яркіх і маляўнічых яўрэйскіх святаў. Назва перакладаецца з іўрыту як “галава года”. Яно сімвалізуе “шосты дзень тварэння”, калі Бог стварыў першага чалавека – Адама. У 2017-м Грыгарыянскім годзе яго святкуюць з 20 па 22 верасня.
На святкаванні Новага года ў сінагозе сабралася каля 40 чалавек. Пасля малітвы, трублення ў шафор і застолля рабін Іцхак Кофман павёў людзей да Замкавай гары, дзе бачны Нёман. Там прайшла малітва, якая мае на мэце ачышчэнне душы ад грахоў.








