Напярэдадні старту чэмпіянату Беларусі хакейны “Нёман” правёў адкрытую трэніроўку і сустрэўся з заўзятарамі. Кожны жадаючы 6 верасня мог пагутарыць з хакеістамі, а таксама задаць пытанні кіраўніцтву клуба і прадстаўнікам Цэнтра алімпійскага рэзерву па хакеі з шайбай.
Раніцай каманда сустрэлася з кіраўніцтвам вобласці, дзе гульцам была пастаўлена задача на будучы сезон. Як і папярэднія гады, перад “Нёманам” стаяць самыя высокія задачы – золата чэмпіянату.
З-за шчыльнага графіка цяжка было знайсці час на сустрэчу
На сустрэчы з заўзятарамі першым выступіў старшыня праўлення “Нёмана” Анатоль Варывончык. Начальнік каманды адзначыў, што раней клуб не мог сустрэцца з заўзятарамі з-за шчыльнага графіка. Адзіны вольны час выпаў на раніцу серады 6 верасня.

Натуральна, многія заўзятары на сустрэчу і трэніроўку каманды патрапіць не змаглі з-за занятасці. Але пытанні задаваць камандзе было каму, а прэс-служба “Нёмана” скарысталася таксама пытаннямі з сацыяльных сетак.
“Мы правялі годную падрыхтоўку да сезона. Каманда зараз знаходзіцца ў добрым стане, як у фізічным, так і ў гульнявым плане. У апошнія гульні наш клуб вельмі нядрэнна выглядаў на фоне еўрапейскіх лідараў, – распавядае галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Пушкоў. – Мы працуем у правільным кірунку. Што хацелася б сказаць па складзе: мы памянялі некалькіх гульцоў, але пры гэтым умацаваліся, асабліва ў лініі абароны. Каманда на дадзены момант укамплектавана і гатова да пачатку чэмпіянату”.

Таксама галоўны трэнер адзначыў, што яго гульцы будуць у кожным матчы змагацца за перамогу, не выключэнне тут і матчы Лігі чэмпіёнаў з фінскай камандай “Ювяскюля”. Шанцы на выхад з групы ў гродзенскай каманды яшчэ ёсць.
“Хацелася б на ўсіх матчах бачыць больш заўзятараў”
Адно з пытанняў камандзе i Лядоваму ад заўзятараў: “Цi задавальняе кіраўніцтва клуба і Лядовага палаца наведвальнасць на матчах?”
На пытанне вырашыў адказаць Анатоль Варывончык, які сказаў, што хацелася б каб на матчах збіралася поўная арэна.
“Мы разумеем, што ў нас у чэмпіянаце ёсць верхняя і ніжняя частка каманд і гледачоў больш за ўсё цiкавяць матчы з моцнымі супернікамі. Але, вядома, нам хацелася б на ўсіх матчах бачыць больш заўзятараў, бо каманда гуляе і паказвае добры хакей у кожным матчы”.

Сяргей Пушкоў дадаў, што гродзенская каманда заслугоўвае ўвагі, бо акрамя добрай гульні з моцнымі супернікамі, у Гродне можна паглядзець і на цікавых асоб, якія паказваюць яркі хакей.
Прадстаўнікі ЦАР адзначылі, што хацелі бы бачыць запоўненую арэну, такую ж як і на матчах Лігі чэмпіёнаў.
Заўзятары пацікавіліся, што робіцца для таго, каб наведвальнасць на матчах у Гродне павялічылася.
Прадстаўнікі “Нёмана” адзначылі, што прыцягваюць заўзятараў добрай гульнёй, гэтым яны і працягнуць займацца далей. А вось кіраўніцтва Лядовага згадалі, што на працягу апошніх трох гадоў цэны на квіткі ў Гродне яны не падымалі.
На матчы Лігі чэмпіёнаў квіткі разыгрываў БРСМ
Заўзятары у сваю чаргу заявілі, што ў Гродне самыя дарагія квіткі на хакейныя матчы ў Беларусі, а таксама адзначылі высокі кошт абанементаў.
“Ужо мінулі часы, калі перад матчамі “Нёмана” немагчыма было купіць квіткі. На апошнія гульні ў Гродне, а гэта Ліга чэмпіёнаў, квіткі пачкамі ў сацыяльных сетках разыгрываў БРСМ, – адзначае спартыўны аглядальнік Уладзімір Кульбіцкі. – Браніраванне ўжо нічога не вырашае. У любы момант можна прыйсьці ў касу і купіць квіток на матч”.
Атрымліваецца, цікавасць да хакея ў Гродне падае, нягледзячы на тое, што квіткі не растуць у цане. Кіраўніцтва Лядовага шукае спосабы прыцягнення заўзятараў на трыбуны і паабяцала на навагоднія святы разыграць каштоўныя падарункі сярод гледачоў. А вось якія, яшчэ невядома. Напрыклад, апошнія два гады Лядовы разыгрываў квадрацыкл і аўтамабіль, што павялічыла наведвальнасць і продаж абанементаў.
Свой першы матч у новым чэмпіянаце “Нёман” правядзе ў Віцебску 8 верасня, дзе сустрэнецца з мясцовай камандай.
З заяўкай “Нёмана” на чэмпіянат 2017-18 г. можна будзе ў хуткiм часе пазнаёміцца на афiцыйным сайце гродзенскай каманды.


