Пачытаць па-беларуску за кубкам кавы гродзенцы могуць у кавярні “Просто кофе”. Ужо нейкі час там усталяваная скрынка беларускамоўнага буккросінгу movabox. Праглядаючы прапанаваную літаратуру, мы знайшлі ў скрынцы і творы гродзенскіх аўтараў. У зборніку “Казкі майго горада” апублікаваны тры апавяданні Артура Камароўскага. Адзін з нумараў “Дзеяслова” змяшчае ўспаміны Дануты Бічэль пра пісьменніцу Ніну Мацяш.

Фотафакт: Гродзенскія аўтары ў буккросінгу movabox

Данута Бічэль – вядомая беларуская паэтка, аўтарка больш чым 20 паэтычных зборнікаў, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1984). У апошнія гады піша таксама прозу.

Артур Камароўскі – малады аўтар, піша прозу і вершы. У зборніку размешчаны адны з першых яго апавяданняў, напісаных падчас заняткаў у “Школе маладога пісьменніка” у 2013-14 гадах.

Чытайце яшчэ:  Рэцэпт на крызіс – каханне і паэзія. Першы “паэтычны аўторак” прайшоў у Гродне

Праект movabox рэалізуецца кампаніяй velcom для папулярызацыі сучаснай беларускай літаратуры. Ахвотныя могуць пачытаць кнігі ў папулярных кавярнях розных гарадоў, а таксама падзяліцца сваімі кнігамі на беларускай мове.

Скрынка movabox у Гродне ўсталяваны таксама ў цэнтры адпачынку і развіцця “Партал” ды кавярні “Coffee Sound”.