Ужо некалькіх гадоў раз на тыдзень супрацоўнікі Рэмбудаўтадора прыязджаюць у цэнтр горада і чысцяць рэчышча Гараднічанкі. Рабочыя ідуць па рацэ ад Святапакроўскага сабора на Ажэшкі і сканчаюць вуліцай Працоўнай. Як праходзіць чыстка гарадской рэчкі, даведваўся карэспандэнт Hrodna.life.
Пік сезону ў працоўных прыпадае на сярэдзіну лета, калі пачынаюць касіць траву, а таксама на познюю восень, калі ўсё апалае лісце аказваецца ў рэчцы. Шмат смецця ў рацэ застаецца і пасля залеваў. Рабочыя кажуць, што пры чыстцы Гараднічанкі нічога цікавага не знаходзяць.
“А што тут можа быць цікавае? Шмат смецця і толькі. Іншым разам гараджане проста возьмуць і кінуць пакет са смеццем у рэчку, а мы потым прыбіраем, – распавядае адзін з рабочых. – Натуральна, бутэлек шмат, шкляных і пластыкавых”.
Сёння ёсць “незвычайныя” знаходкі: жаночая сумачка з пяском і мёртвая ўздутая качка. Рабочыя кажуць, што праца не самая чыстая: не кожны захоча выцягваць бруд з ракі, але камусьці гэта рабіць трэба. “Усе мужыкі ў нас дасведчаныя і даўно ў справе”.

Рабочыя распавядаюць, што некалькі гадоў таму камусьцi з брыгады траплялася ў цэнтры горада і цэлая бутэлька гарэлкі, нерабочы мабільны тэлефон і розны абутак.
Усё смецце, якое плыве па рацэ ад Ажэшкі да канца парку Жылібера, часта затрымліваецца перад калектарам, які вядзе пад плошчу Ленiна. Там некалькі разоў рабочым даводзілася ратаваць і маленькіх качанят.
“У рэчцы, якая ідзе пад плошчай, жывуць вадзяныя пацукі. Калі качкі туды трапляюць, то грузуны адразу дзейнічаюць. Так што туды лепш не трапляць”, – дадаў рабочы.
Акрамя рабочых, пасля дажджоў каля Гараднічанкі можна сустрэць і звычайных гараджан, якія час ад часу ходзяць уздоўж ракі і шукаюць старыя рэчы. Яны знаходзяць старыя манеты, кераміку і іншыя цікавосткi.








