Першы матч сёлетняга розыгрышу Лігі чэмпіёнаў, дзе “Нёман” прымаў у Гродне 25 жніўня каманду “Вена Кэпіталз”, наведаў адзін заўзятар аўстрыйскай дружыны – Хайнц. Мужчына трапіў у Беларусь па візе, яму давялося афармляць усе патрэбныя для ўезду ў краіну дакументы. Нягледзячы на гэта, аўстрыйскі заўзятар застаўся задаволены выездам у Гродна і падзяліўся сваім водгукам з Hrodna.life.
“Я першы раз у Беларусі і вельмі хацеў паглядзець гэтую краіну і горад Гродна, – распавядае Хайнц. – І насамрэч усё добра атрымалася. З квітком на матч у Гродна дапамагло кіраўніцтва нашай каманды. У нас у групе выпала, што трэба гуляць з фінамі, беларусамі і швейцарцамі. Падарожжа ў Беларусь і Фінляндыю вельмі дарагое для заўзятараў маёй каманды, таму сюды мала хто едзе. А вось у Швейцарыю, я спадзяюся, нас адправіцца шмат, бо гэта краіна побач з Аўстрыяй”.
Пра бязвізавы ўезд у Гродзенскі рэгіён Хайнц ведаў, але яму давялося замаўляць платную візу, бо так яму параілі бельгійскія сябры і ў амбасадзе.
“Я ведаў пра бязвізавы рэжым у Гродне, але мне прыйшлося ўзяць візу, бо ў беларускай амбасадзе ў Вене атрымаў інфармацыю аб неабходнасці яе для наведвання Гродна. Ды і сябры з Бельгіі спрабавалі трапіць у Гродна без візы, а іх не пусцілі. Вырашыў не рызыкаваць.
Гродна вельмі прыгожы і мілы горад, мне ўдалося наведаць некалькі славутасцяў: замкі, касцёлы і г.д. Уразіла мяне ў Гродне невялікая хакейная арэна, якая на матчы з “Венай” была запоўненая і за кошт гэтага вельмі добра было чуваць заўзятараў. I гэта вялікі плюс. Арэна ў сталіцы Аўстрыі большая за гродзенскую і месціць каля 7 тысяч чалавек. Калі яна запаўняецца напалову, то заўзятараў практычна не чуваць. Так што Гродна за кошт сваёй кампактнасці і выйграе, мне тут спадабалася”.

Пра матч у Гродне аўстрыец расказваць не хацеў – яго каманда прайграла. Хайнц толькі адзначыў добры ўзровень гродзенскага хакею і пажадаў “Нёману” поспехаў на арэнах Еўропы.


