Футбалісты “Нёмана” не здолелі ў суботу 26 жніўня ў Віцебску абыграць мясцовую каманду. Матч паміж супернікамі скончыўся з лікам 2:2. З-за страты ачкоў на поўначы Беларусі, супернікі ў турнірнай табліцы ўшчыльную наблізіліся да гродзенскай каманды.
Супернікі ў Віцебску пачалі матч вельмі актыўна, але забіць на першых хвілінах нікому не ўдалося. Толькі на 16-й хвіліне гродзенцы здолелі распячатаць вароты гаспадароў. Бебе нечакана апынуўшыся ў штрафной суперніка, скарыстаўся дакладным пасам партнёраў і адправіў мяч у вароты “Віцебска”.
Гаспадары адказалi праз 7 хвілін. Гол “Нёману” забілі два былых футбаліста гэтай каманды. Салавей са стандарту дакладна навесіў на галаву Вяргейчыку які і забіў у вароты Курганскага.
Пасля ўзяцця варот “Нёмана” гаспадары не спыніліся і яшчэ больш вялікімі сіламі пайшлі наперад, што і прынесла вынік. На 31-й хвіліне Вяргейчык падае ля штрафной гродзенцаў, суддзя ўгледзіў парушэнне і прызначыў штрафны, які добра рэалізаваў бразільскі легіянер “Віцебска” Ледэсма.
Пасля двух прапушчаных галоў падапечныя Ігара Кавалевіча кінуліся адыгрывацца, але да перапынку жоўта-зялёным нічога не ўдалося зрабіць.
У другім тайме ва ўзмацненне сваёй камандзе Кавалевіч выпусціў Глеба і Савіцкага, а пасля і Зубкова. Гродзенцы атакавалі на працягу ўсяго другога тайма, і дзякуючы гэтаму, ўдалося зраўняць лік. Важны гол на 77-й хвіліне на свой рахунак запісаў Павел Савіцкі.
Здавалася б гродзенцы змогуць даціснуць “Віцебск”, бо увесь час ішлі наперад і білі па варотах, але гаспадары здолелі адстаяць да канца матчу.
Варта адзначыць, што ў “Віцебска” было толькі 2 ўдару ў створ варот “Нёмана” і свае моманты яны рэалізавалі. Гродзенцы ў чатыры разы перабілі суперніка, але здолелі забіць толькі 2 галы.
“Віцебск” – “Нёман” – 2: 2
Барацьба за чацвёртае месца абвастраецца. “Нёман” цяпер дзеліць гэта месца са “Слуцкам”, у каманд па 33 ачкі, далей ідзе “Віцебск” – 32 і “Тарпеда-БелАЗ” – 31.
Зараз у чэмпіянаце надыходзіць міжнародная паўза. Свой наступны матч “Нёман” правядзе ў Гродне 11 верасня, дзе будзе прымаць магілёўскі “Днепр”.