Здарэнне адбылося на вуліцы Ажэшкі каля крамы Linxs каля 20.00 у сераду 16 жніўня. Пяцігадовая дзяўчынка ішла са сваёй маці па вуліцы, калі з-за вугла выляцеў веласіпедыст і наехаў на дзіця. Дзяўчынка ўпала, перакульнулася, а веласіпедыст тым часам з’ехаў.

“Вельмі крыўдна, што сярод белага дня на маё дзіця так наехалі, – распавядае маці пацярпелай дзяўчынкі. – Добра, што мы моцна не пацярпелі, бо магло ўсё скончыцца значна горш. Пасля наезду веласіпедыст крыху прытармазіў, але, не зняўшы навушнікі, махнуў і паехаў далей. Яму крычалі, спрабавалі дагнаць, але ён паспеў уцякчы”.

На месца здарэння прыехалі разбiрацца супрацоўнiкi міліцыі і ДАІ. Маці ад шпіталізацыі дзіцяці адмовілася.