Да старту “Нёмана” ў Лізе Чэмпіёнаў засталося амаль два тыдні. Hrodna.life прапануе пазнаёміцца ​​з супернікамі гродзенцаў у Еўракубку. У сваім квартэце камандзе Сяргея Пушкова давядзецца згуляць па два матчы з аўстрыйскай камандай “Вена Кэпіталз”, швейцарскім “Цугам”, а таксама фінскай дружынай “Ювяскюля”.

Для “Нёмана” старт у Лізе Чэмпіёнаў будзе другім у гісторыі. Упершыню чырвона-чорныя выступілі ў прэстыжным турніры ў 2015 годзе, тады гродзенцаў трэніраваў чэшскі спецыяліст Мілаш Голань. Аднак яго каманда не здолела пераадолець групавы раўнд. У гэтым годзе, з новым трэнерам, “Нёман” паспрабуе зрабіць тое, што не атрымалася два гады таму. У наступны раўнд турніру выходзяць дзве лепшыя каманды з групы.

ХК “Вена Кэпіталз”

Каманда прадстаўляе сталіцу Аўстрыі. Сваіх супернікаў аўстрыйцы будуць прымаць на арэне «Альберт Шультз», якая знаходзіцца ў Лядовым спартыўным цэнтры Кагран у Вене. Умяшчальнасць арэны 7022 чалавек.

У наймацнейшым дывізіёне чэмпіянату Аўстрыі «Вена» гуляе з сезона 2000/2001. За гэты час каманда толькі раз выйгравала чэмпіёнскі тытул – у 2005 годзе. З тых часоў «Кэпіталз» двойчы выйгравалі рэгулярны чэмпіянат, а таксама двойчы гулялі ў фіналах плэй-оф у 2013 і 2015 гадах.

У 2017 годзе клуб выйграў фінал плэй-оф аўстрыйскай Эрсте Лігі і забяспечыў сабе ўдзел у Лізе Чэмпіёнаў.

Аўстрыйцы пачынаюць Лігу Чэмпіёнаў у гэтым годзе менавіта з гульні ў Гродне супраць «Нёмана», якая пройдзе 25 жніўня. Матч у адказ супернікі згуляюць у Аўстрыі 2 верасня.

ХК “Цуг”

Горад Цуг у цэнтральнай Швейцарыі з’яўляецца сталіцай аднайменнага кантона. Насельніцтва кантона 100 тыс. чалавек, з іх 26 тыс. жывуць у сталіцы. Горад размешчаны на беразе вялізнага Цугскага возера.

ХК «Цуг» з’явіўся ў 1967 годзе. Большую частку сваёй гісторыі «Цуг» з’яўляўся моцным серадняком, каманда толькі раз перамагала ў чэмпіянаце Швейцарыі, здарылася гэта ў сезоне 1997-98. У 2017 годзе “Цуг” стаў другім у нацыянальным першынстве.

Каманда прымае сваіх супернікаў на «Босард Арэне», яе ўмяшчальнасць 7015 чалавек.

Швейцарцы граюць першы матч з “Нёманам” у Гродне 27 жніўня, а ў апошні дзень лета ўжо будуць прымаць беларускую каманду ў сябе дома.

ХК «Ювяскюля»

Гэтая дружына прадстаўляе горад з цэнтральнай Фінляндыі пад назвай Ювяскюля, насельніцтва якога 137 тыс. чалавек. Каманда выступае на пляцоўцы «Сінэргіі Арэна», умяшчальнасць якой 4628 чалавек.

Клуб з Ювяскюля выступае ў СМ-Лізе. Заснаваны ў 1977 годзе. У 2017 годзе каманда “Ювясклюля” заняла трэцяе месца ў мясцовым чэмпіянаце.

З гродзенцамі першы матч фіны згуляюць у сябе дома, пройдзе гэта 3 кастрычніка. Матч у адказ гэтай пары адбудзецца ў Гродне праз тыдзень, 10 кастрычніка.


Што супернікі думаюць пра бліжэйшыя супрацьстаяннi, можна паглядзець на афіцыйным сайце Лігі Чэмпіёнаў.

А вось такую візітную картку пра сабе падрыхтаваў ХК “Нёман”.