Гродзенскія міліцыянеры раскрылі рэзананснае хуліганства, пра якое тыдзень таму казаў увесь горад. У канцы ліпеня невядомыя абстралялі з пнеўматычнага пісталета тралейбус і запраўку. Па гарачых слядах іх знайсці не ўдалося. Даведаўшыся, што міліцыя шукае сведкаў, адгукнуўся гродзенец, інфармацыі якога праваахоўнікам аказалася дастаткова, каб выйсці на след падазраванага.
Зараз у здзяйсненні хуліганства падазраецца 22-гадовы мясцовы жыхар. Разам з двума прыяцелямі на машыне бацькі без задняга дзяржнумара ён катаўся па горадзе. За рулём сядзеў сябар, а сам малады чалавек быў падпіты. У бардачку ляжаў газавы ТТ, прызначаны для стральбы металічнымі шарыкамі. Менавіта пры дапамозе яго хлопец абстраляў тралейбус і аўтазапраўку, а таксама, як пазней удалося высветліць, некалькі ліхтароў і бігбордаў. Маглі пацярпець і людзі.
Убачыўшы адпаведную інфармацыю ў інтэрнэце, падазраваны выкінуў пісталет ў Нёман, а машыну аддаў у рамонт. Аднак прынятыя ім меры аказаліся недастатковымі.
Як паведамляе афіцыйны прадстаўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Ігар Белазёраў, злачынства ўдалося раскрыць пры дапамозе грамадзян і гэта ўжо дзесяты выпадак у гэтым годзе, калі сумесная праца гараджан і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў дае станоўчы вынік.
У дачыненнi да хлопца, якi cтраляў, узбуджана крымінальная справа па артыкуле «хуліганства». Малады чалавек знаходзіцца ў следчым ізалятары.