Практыка студэнтаў Беларускай  дзяржаўнай акадэміі  мастацтваў у  Гродне завяршылася перадачай гораду скульптурных кампазіцый. Іх тэматыка навеяна кінастужкамі, якія здымалі ў розныя гады ў нашым горадзе, у тым ліку фільмам па раману Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, піша “Гродзенская праўда”.

Сем студэнтаў і выпускнікоў акадэміі з дацэнтам кафедры скульптуры Сяргеем Логвіным упершыню працавалі на Гродзенскім камнеапрацоўчым заводзе ААТ “Будоўля” ў Пушкарах. Ім для работы прывезлі валуны і камяні з палёў Гродзенскага раёна, а таксама выдзелілі адыходы вытворчасці камнеапрацоўчага завода – камяні з Карэліі і Польшы. Працы студэнтаў акадэміі будуць устаноўлены ў новых мікрараёнах горада.

 Мы ўжо шмат гадоў праводзім на базе завода розныя пленэры, прадастаўляем месца, зыходныя матэрыялы, інструмент і абсталяванне скульптарам, – распавядае дырэктар ААТ “Будоўля” Павел Бузук– Цяпер абсталёўваем пляцоўку і навес, дзе ў любое надвор’е могуць працаваць скульптары ці практыкавацца студэнты акадэміі мастацтваў.

Раней на гэтым прадпрыемстве працавалі вядомыя скульптары Гродзеншчыны і Беларусі. У выніку з’явіліся скульптурныя кампазіцыі у парках Жылібера і Каложскім, памятны знак на Кургане Славы, на месцы Фары Вітаўта ў Гродне, у Жыровіцкім манастыры, санаторыі “Азёрны” і іншыя.

Каменныя скульптуры ад студэнтаў акадэміі мастацтваў з'явяцца ў мікрараёнах Гродна