Праз 20 дзён пасля прэзентацыi адноўленых карт Лапіных прададзена ўжо каля 1000 калод. Ажыятаж на гродзенскую прадукцыю вялікі і не толькі ў Гродне. Пра гэта распавёў Hrodna.life адзін з аўтараў праекта па аднаўленні даваенных гродзенскіх карт Антон Янкоўскі.
Вялікi продаж карт пачаўся адразу пасля прэзентацыі прадукцыі. Куплялі карты Лапiных як моладзь, так і людзі старэйшага ўзросту.
“Калі лічыць, што наш праект падтрымалі на “Талацэ”, а таксама крамы, якія бралі прадукцыю на рэалізацыю, то на сённяшні дзень прададзена каля 1000 асобнікаў, – распавядае Антон. – Вельмі прыемна, што людзі купляюць карты з вялікім задавальненнем. Гэта значыць, карты ў нас атрымаліся, яны зараз вельмі папулярныя.
Мы цяпер ездзім па фестывалях і там таксама карты карыстаюцца попытам. Напрыклад, на апошнім у Гродне многія людзі праходзілі і, затрымаўшыся, пыталіся: “Гэта тыя самыя карты, якія знайшлі на Будзёнага?”

Зараз у планах Антона і яго каманды працаваць на тым, каб новыя карты Лапіных з’явіліся як мага хутчэй і e розных крамах Гродна і іншых гарадах. Напрыклад, у Гродне акрамя крамы “Кубік” карты можна купіць яшчэ ў краме “Лёля”. Цана на прадукцыю ад 5 рублёў. У бліжэйшы час карты павінны з’явіцца і ў Новым замку.
“Наша галоўная задача – каб карты былі даступныя ў розных крамах і месцах. Палову першай партыі мы ўжо прадалі. Калі продаж пойдзе і далей актыўна, то перад Новым годам зробім перавыданне”.
Не выключана, што ў 2018 годзе творчае згуртаванне А4 выпусціць іншыя карты Лапіных. Магчыма, гэта будзе Рэйнская калода ці покерная. Але пра гэта пакуль казаць рана. Зараз каманда стварае ўласны сайт, а таксама працуе над стварэннем новай настолкі.


