Навіна, пра тое што гродзенскі краязнаўца Януш Парулiс трапіў у бальніцу, усхвалявала многіх гараджан. Зараз вядомы калекцыянер ўжо дома, адчувае сябе добра і зноў гатовы прымаць гасцей.
Януш быў у бальніцы тыдзень: меў праблемы з сэрцам.
«Дзякуй за турботы, адчуваю сябе добра. Аднавіў сілы і зноў гатовы ў бой. Настрой добры і, калі шчыра, то адпачынак патрэбен быў. Курс лячэння будзе доўжыцца яшчэ два месяцы, але я ўжо дома, магу працаваць «.
У бліжэйшых планах у Януша — прыбраць з падворку ўсе прадметы даўніны, бо набліжаецца рабочая тэхніка — будуць мяняць цеплатрасу.
«З пачаткам новага тыдня ўжо будуць усё перакопваць. Капаць, напэўна, будуць каля сямі дзён. Нягледзячы на гэта, музей будзе працаваць. Таксама ў нас на падворку робім летняе кафэ, якое ўжо зусім хутка запусцім. Пакуль ляжаў у бальніцы людзей мала прыходзіла, але калі заходзяць, то заўсёды цікавыя асобы. Вось, напрыклад, у пятніцу, у той момант калі я выпісаўся, да мяне прыязджала з Польшчы сям’я Левандовiч — спадчынныя гродзенцы. Было цікавага з імі пагутарыць і даведацца нешта новае з гісторыі горада».
Пасля таго, як Януш трапіў у бальніцу, у сацыяльных сетках уздымалася пытанне аб тым, каб уключыць яго ў Кнігу славы горада Гродна.
«Стаўлюся да гэтага станоўча. Калі б мяне ўключылі ў гэтую Кнігу, то гэта дапамагло б майму музею і павысіла б яго статус», — пракаментаваў Януш.