Бачылi чорную машыну і чулі гучныя хлапкі - гэта і многае іншае паведамілі ў міліцыю відавочцы здарэння ў цэнтры горада. Прыкладна апоўначы 28 ліпеня каля Старога маста невядомыя, па папярэдняй версіі міліцыі, стралялі з пнеўматыкі па грамадскім транспарце ў якiм ехалі людзі.
У выніку абстрэлу ніхто не пацярпеў, толькi былi пашкоджаны заднія шыбы тралейбуса.
У прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама паведамілі Hrodna.life, што за нейкi час да здарэння каля Старого маста аналагічныя хлапкі было чуваць і на АЗС «Лукойл» у цэнтры горада. Са слоў відавочцаў, там таксама пранеслася чорная машына.
Хлапкі, якія былі чутныя, характэрныя для пнеўматыкі, але ў міліцыі пакуль з высновамі не спяшаюцца. На дадзены момант ідзе пошук чорнай машыны, а таксама відавочцаў здарэнняў.
Калі нехта валодае якой-небудзь інфармацыяй — паведамляйце па тэлефоне 102.