На родным стадыёне каманда Ігара Кавалевіча ў суботу 22 ліпеня абыграла сталічную дружыну з лікам 1:0 і здолела прайсці ў 1/4 фіналу Кубка Беларусі. Адзіны мяч у матчы на 10-й хвіліне забіў капітан гродзенцаў Павел Савіцкі.
Гаспадары з самага пачатку матча пачалі пагражаць варотам мінчан. Калі ж з першага разу Савіцкі не здолеў трапіць у вароты суперніка, то вось другі шанец лепшы футбаліст “Нёмана” не выпусціў і дакладна сыграў на дабіванне.
Пасля ўзяцця варот “Мінска” гродзенцы крыху збавілі абароты і гулялі на ўтрыманне лiку, але пры гэтым час ад часу пагражалі варотам суперніка.
У другім тайме Кавалевіч выпусціў навабранца гродзенцаў Вячаслава Глеба, які добра ўвайшоў у гульню: аддаваў абвастраючыя перадачы, а таксама пагражаў варотам “Мінска”. Але вось вызначыцца ў матчы, акрамя Савiцкага у самым пачатку, больш нікому не атрымалася. У выніку “Нёман” мінімальна абыграў “Мінск” і прайшоў далей у Кубку.
“Нёман”: “Мінск” – 1:0
Пасля матчу Ігар Кавалевіч пракаментаваў гульню сваёй каманды ў матчы з “Мінскам”:
“Па выніках першага круга Мінск знаходзіцца сярод лідэраў па кантролю мяча, на другім месцы пасля БАТЭ. Каманда гуляе ў камбінацыйны футбол. Ёсць у мяне прэтэнзіі да каманды, але я іх выкажу ў распранальні. У гэтай гульні галоўнае тое, што мы выйшлі ў 1/4 фінала. Што тычыцца Глеба – дэбют яго атрымаўся. Гулец высокага ўзроўню. Мог забіць, добра аддаў. Я думаю, ён нам яшчэ дапаможа ў будучыні.
Чаму няма Лакціёнава ў складзе? У складзе месца трэба яшчэ заслужыць. Не зусім так ён правёў другую палову першага круга, як ад яго чакалі. Ёсць Лакціёнаў, Хлебасолаў, Глеб. Хай працуюць, даказваюць сваё месца ў складзе”.
Матчы 1/4 фіналу Кубка Беларусі ўжо пройдуць у 2018 годзе, таксама пазней “Нёман” і пазнае свайго будучага суперніка. А цяпер наперадзе ў гродзенцаў другi круг чэмпіянату Беларусі. Бліжэйшы матч жоўта-зялёныя правядуць 29 ліпеня ў Мазыры, дзе згуляюць з мясцовай “Славіяй”.
***
Варта адзначыць, што на Кубкавым матчы з “Мінскам”, фанаты “Нёмана” на сваім сектаре паднялі банер, які ў папярэднім матчы на гродзенскім стадыёне быў канфіскаваны ў заўзятараў каманды.
