Трагедыя адбылася ў сераду 19 ліпеня каля 14.00. Амаль адразу на пульт абласнога МНС паступіў сігнал, што ў крэйдавым кар’еры на вуліцы Дамброўскага патануў чалавек. Да закінутага вадаёма выехалі супрацоўнікі Таварыства выратавання на водах і ўжо да 15.28 дасталі цела падлетка на паверхню.
Загінулым апынуўся 15-гадовы гродзенец — навучэнец школы № 7, які разам з сябрамі ў гэты дзень вырашыў адпачыць на кар’ерах.
Апошнія некалькі гадоў на крэйдавых кар’ерах Гродзеншчыны купацца забаронена, стаяць таблічкі з інфармацыяй, месцы патрулюе міліцыя. Але некаторых забарона не спыняе.