Свята блізнят і двайнят прайшло ў Гродне 25 чэрвеня. У традыцыйным мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 10 параў аднолькавых гродзенцаў. Упершыню на свята прыйшла сям’я з трайнятамі.
Калі ў мінулым годзе на свяце акрамя дзяцей былі і дарослыя, то сёлета прыйшлі толькі маленькія гродзенцы. Для іх у парку падрыхтавалі цікавую музычную праграму з мноствам прызоў. Асаблівая ўвага была прыкавана да тройні.
«Жыць з трыма аднолькавымі дзецьмі вельмі цікава, я як мама іх ніколі не блытаю — яны ўсе для мяне розныя, — распавядае мацi трайнят Алена Залогіна. — Наогул, у нашай сям'і ніколі не было трайнят, былі толькі двайняткі, так што нам вельмі пашанцавала. Ды і ў Гродне, мы таксама унікальныя, бо з 1980-х у горадзе не было такіх аднаяйкавых трайнят як у нас.
У жыцці цяжкасці ўзнікаюць, асабліва калі трэба падабраць тры пары аднолькавага дзіцячага адзення. У нашым горадзе зрабіць гэта складана, так што не заўсёды атрымліваецца сваіх дзяўчынак апрануць так, як хочацца. Тром аднолькавым дзецям заўсёды трэба шмат увагі і ў тым ліку шмат грошай. Цяжка, дзяржава не дапамагае, даводзіцца ўсё рабіць самім".
На свяце ўсе дзеці атрымалі падарункі, а лепшыя пары ў пэўных намінацыях былі адзначаны арганізатарамі.