Лірычным настроем напоўніўся Цэнтр гарадскога жыцця 6 чэрвеня, калі там сабраліся маладыя паэты горада. “Вырашылі прапанаваць збірацца тут, каб пазнаёміцца з калегамі, мець нагоду дастаць свае вершы з шуфлядаў і абменьвацца думкамі”, – распавёў Артур Камароўскі, адзін з арганізатараў сустрэчы. У выніку вечара паэты і паэткі дамовіліся зрабіць “паэтычныя аўторкі” традыцыйнымі і збірацца штотыдзень. Ахвотных паслухаць і пачытаць уласныя творы ў вершах і прозе запрашаюць далучацца.

Рэцэпт на крызіс – каханне і паэзія. Першы “паэтычны аўторак” прайшоў у Гродне
Артур Камароўскі, адзін з арганізатараў сустрэчы. мяркуе, што “тэма кахання глабальная і ўсеабдымная, таму няма хіба ніводнага хто б не пісаў пра гэта”. З тае нагоды ёй прысвяцілі першую паэтычную сустрэчу ў Цэнтры

Падзяліліся маладыя творцы і меркаваннямі аб тым, што спрыяе творчасці. Канечне – каханне!  А вось наконт таго – шчаслівая ці няшчасная любоў дае больш нагодаў да напісання вершаў, меркаванні раздзяліліся. З дыскусіі вынікала, што часцей натхненне наведвае акурат падчас кахання няшчаснага. І, гледзячы з якой асалодай тое няшчаснае каханне ўзгадваюць маладыя паэты і паэткі, рабілася безнадзейна зайздросна.

https://youtu.be/NACVfezhjMc

Адкуль прыходзяць вершы? Ці нараджаюцца яны ў чалавеку, ці ён або яна толькі праз шчаслівы выпадак патрапляюць у месцы, дзе вершы іх чакаюць? Чаму паэтам не спрашны крызіс і ці варта кідаць усё, калі прышлі вершы – пра гэта і не толькі ішлі размовы.

Як аказалася, каханне, хоць і ўніверсальная тэма, далёка не адзіная ў творчасці. Наступным разам вырашылі пачытаць вершы рознай тэматыкі, каб даведацца, што цікавіць калегаў. Празаікам, ахвотным пачытаць урыўкі са сваіх твораў, будуць таксама рады. І тых, хто хацеў бы проста паслухаць сучасных гродзенскіх аўтараў, таксама запрашаюць далучацца да “паэтычных аўторкаў”.