Сярод вулічных музыкаў на вуліцы Савецкай з’явілася група дзяўчат, якія спяваюць беларускія фальклорныя песні. Навучэнкі Каледжа мастацтваў выходзяць на самую ажыўленую вуліцу горада, каб папулярызаваць беларускую мову і культуру ды проста атрымаць задавальненне.
Дзяўчаты кажуць, што на цэнтральнай пешаходнай вуліцы іх песні ўспрымаюцца людзьмі неяк па-іншаму. Да таго ж, тут дзяўчаты набіраюць досведу, каб перастаць баяцца публікі.
“Людзі па-рознаму ставяцца, хтосьцi спыніцца і доўга будзе слухаць, а хтоcьцi усміхаючыся міне. Мы хочам сказаць адно: гэтая вуліца не чула такіх песень. І гэта многіх прыцягвае, – кажа Анастасія. – Спачатку было вельмі страшна выходзіць і спяваць на вуліцы, а потым страх знік і цяпер мы сюды выходзім для ўласнага задавальнення”.
Дзяўчаты расказваюць, што іншыя вулічныя музыкі часам іх заглушаюць, але ў канфлікты яны лезьці не збіраюцца: вуліца Савецкая вялікая – месца ўсім хопіць.


