Петыцыю з амаль шасцю тысячамі подпісаў у абарону польскіх школ у Гродне і Ваўкавыску выслала 11 мая на адрас прэзідэнта Беларусі старшыня Саюза палякаў Анжаліка Борыс, паведамляе znadniemna.pl.
— Строга кажучы, мы паслалі 5713 подпісаў, — расказала Борыс. Столькі подпісаў кіраўніцтва СПБ прызнала безумоўна сапраўднымі. — Мы забракавалі, напрыклад, подпісы, дзе не было хатняга адрасу асобы. Агулам было адхілена больш за трыста подпісаў, — кажа кіраўнік СПБ.
[irp posts="18 402″ name="У Гродне бацькі змагаюцца супраць русіфікацыі польскай школы. Дыялог пра мову выкладання ідзе на трэці круг"]
Саюз палякаў у Беларусі ініцыяваў збор подпісаў пад зваротам да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, каб прадухіліць ліквідацыю дзвюх
школ з польскай мовай навучання ў Гродне і Ваўкавыску. Збор доўжыўся паўтара месяца.
— Я думаю, што за такі кароткі перыяд часу амаль шэсць тысяч подпісаў з’яўляецца добрым вынікам і СПБ атрымаўся даказаць, што ён з’яўляецца эфектыўнай арганізацыяй, — кажа Борыс.
Падпісанты звароту лічаць, што ў выпадку ўступлення ў сілу падрыхтаванага ў Міністэрстве адукацыі Беларусі праекта Кодэкса аб адукацыі, школы з польскай мовай навучання ў Гродне і Ваўкавыску згубяць свой статус. Калі прэзідэнт Лукашэнка прыслухаецца да голасу польскай меншасьці, гэтыя неспрыяльныя для польскай адукацыі ў Беларусі змены могуць быць заблакаваныя.[irp posts="20 100″ name="Міністэрства адукацыі адмовілася спыніць русіфікацыю польскай школы ў Гродне"]
Падпісанты звароту звяртаюць увагу прэзідэнта, што польскія школы ў Гродне і Ваўкавыска «у цяперашнім выглядзе існуюць ужо больш за 20 гадоў і палякі, што жывуць у Гродне і Ваўкавыску, ахвотна аддаюць туды сваіх дзяцей». Палякі, якія жывуць у Беларусі, звяртаюцца да Аляксандра Лукашэнкі як да «гаранта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь» з просьбай «прадухіліць ліквідацыю дзвюх школ з польскай мовай навучання».