Каманда Ігара Кавалевіча ў чацвер 11 мая на сваім стадыёне ў матчы з «Нафтанам» здолела не толькі адыграцца, але і абыграць свайго суперніка. Вырашальны гол у матчы на 57-й хвiлiне забіў капітан жоўта-зялёных Павел Савіцкі.
Наваполацкая каманда ў матчы з “Нёманам” у першую чаргу разлічвала на ачкi, бо ёй трэба выбірацца з дна турнірнай табліцы. Гродзенцам таксама патрэбныя былі ачкі, каб не адставаць ад лідараў чэмпіянату.
Старт матчу ў Гродне застаўся за “Нафтанам”. Госці ўжо да 10-й хвіліны мелі два добрыя моманты, але рэалізаваць іх не атрымалася. Гаспадары ж разгуляліся толькі да сярэдзіны тайма – актыўны быў Савіцкі, але справа да небяспечных удараў у гродзенцаў у першым тайме так і не даходзіла.
“Нафтан” пачаў добра і другую палову, што і прынесла доўгачаканы вынік. Аўтарам першага мяча для наваполацкай каманды ў чэмпіянаце стаў Казлоў.
“Нёман” зайграў толькі пасля прапушчанага мяча. Гродзенскім заўзятарам узяцця варот гасцей доўга чакаць не прыйшлося. Валерый Жукоўскі на 57-й хвіліне з вугла штрафной эфектным ударам адправіў мяч у дзявятку варот “Нафтана”.
Пасля гола гаспадары пайшлі яшчэ большымі сіламі да варот суперніка, але вось выйсці наперад у “Нёмана” не атрымлівалася. Да 70-й хвіліны “Нафтан” больш актыўнічаў і быў блізкі да чарговага голу. Але на 74-й хвіліне абаронца паўночнікаў здзейсніў грубую памылку ў цэнтры поля, што і прывяло да ўзяцця варот “Нафтана”. Пасля перадачы Канцавога Павел Савіцкі дакладным ударам галавой адправіў мяч у сетку варот.
У застаўшыся час “Нафтан” ужо не меў сілы ісці наперад, а гродзенцы жадалi трэцяга гола, але забіць у матчы больш нікому не ўдалося.
“Нёман”: “Нафтан” – 2:1
Пасля матчу галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч падзякаваў сваёй камандзе за перамогу, а таксама выказаўся з нагоды дрэннага газона на стадыёне.
“Невыразны першы тайм у нашым выкананні. Прычыны мы знойдзем унутры каманды, было вельмі шмат памылак. Не маглі зрабіць першую перадачу, супернік накрываў. Перад гульнёй мы з вялікай павагай паставіліся да каманды “Нафтан”. Яна заўсёды была байцовай, што сёння і прадэманстравала. Нягледзячы на фінансавыя праблемы, людзі б’юцца, б’юцца. Я задаволены, што мы выцягнулі матч. Гульня забудзецца – вынік застанецца.
Яшчэ хачу сказаць, што такога поля гродзенскі стадыён у маю бытнасць не бачыў ніколі. Я не ведаю, да каго звярнуцца з гэтым пытаннем, але… Поле стадыёна ў дрэнным стане. Каманда, якая хоча валодаць ініцыятывай, ствараць моманты – яна тут проста не можа гэта рабіць. У камбінацыйны футбол на такім полі гуляць немагчыма”.
Пасля 7 тураў “Нёман” займае шостае месца ў турнірнай табліцы і мае ў сваім актыве 13 ачкоў. На першым месцы БАТЭ – 17 ачкоў.
У панядзелак 15 мая гродзенцы адправяцца ў Жодзіна, дзе сустрэнуцца з мясцовым “Тарпеда”.



















