Першы ў Гродне “Дзень ільну”, які праходзіў 6 мая ў цэнтры “Спадчына” наведалі Некалькі дзясяткаў гродзенцаў. На свяце выступалі музыкі, прайшоў тэатралізаваны пасеў ільну, майстры прадэманстравалі апрацоўку ільну і ткацтва льнянымі ніткамі. Кульмінацыяй стаў паказ ільнянога адзення.
“Па традыцыi ў нашых продкаў на пачатку мая праходзіў пасеў ільну – гэта быў звыклы занятак для беларусаў. З ільну беларусы шылі вопратку, бялізну, ручнікі i многае iншае, – распавядае метадыст цэнтра” Спадчына” Людміла Лебедзь. – Мы вырашылі адрадзіць традыцыю продкаў, тым больш наша тэрыторыя дазваляе вырошчваць гэты від культуры. Мы паспрабавалі і ў пачатку восені паглядзім, што атрымаецца”.
Самым відовішчным на мерапрыемстве стаў паказ мод ва ўборах зробленых з ільну, які зладзілі навучэнцы Каледжа бытавога абслугоўвання.
У цэнтры “Спадчына” ёсць некалькі майстэрняў, дзе можна працаваць з ільном. Дзверы для гродзенцаў і гасцей горада там заўсёды адчыненыя.












