Даведацца аб адной з магчымасцяў выкарыстання прадукцыі ААТ «Азот» змаглі наведвальнікі… кулінарнага шоў у адным з рэстаранаў Гродна. Прыгатаванне дэсерта з выкарыстаннем вадкага азоту стала фішкай вечара і дадало да працэсу гатавання ежы элементы крыагеннага шоў.
На прыгатаванне сорбе (а па-простаму марозіва) з ягад, ёгурта і белага шакаладу ўдзельнікам спатрэбілася не больш пяці хвілін. Забяспечыць такую хуткасць замарозкі прадуктаў змог звадкаваны азот. Ён мае тэмпературу кіпення мінус 196 градусаў і пры кантакце з больш цёплымі рэчывамі ахалоджвае іх, а сам выпарваецца.
Актыўнае кіпенне і выпарэнне вадкага азоту адбываецца нават пры кантакце з паветрам пакаёвай тэмпературы. Выглядае гэта з’ява вельмі эфектна і часта дэманструецца ў розных крыа-шоў.
У харчовай прамысловасці звадкаваны азот выкарыстоўваецца для шокавай замарозкі садавіны, гародніны ці іншых прадуктаў.
У прамысловых масштабах для звадкавання азота патрэбны глыбокае ахалоджванне паветра і высокі ціск. Асноўная частка вадкага азоту выкарыстоўваецца для сінтэзу мінеральных угнаенняў.