Гродзенскі аўтарэтраклуб “Вінтаж” упершыню паказаў гродзенцам створаную яго чальцамі мота- і веларыкшу 30 красавіка на базе адпачынку “Прывал”. У клубе будавалі новы транспарт на працягу года.
Спачатку ў “Вінтажы” рыхтавалі толькі мотарыкшу і планавалі яе паказаць гродзенцам на шэсці Дзядоў Марозаў у снежні 2016 года, але зрабіць гэтага не атрымалася. Затое праз пяць месяцаў акрамя мотарыкшы клуб нечакана прадставіў і веларыкшу.
“У нас у клубе ўжо даўно была ідэя стварыць падобны транспарт для гараджан, але не ведалі з чаго пачаць. Шукалі каля года і ўжо планавалі ствараць сваю мотарыкшу, але аказалася, што ў аднаго з членаў нашага клуба ў вёсцы ў бацькоў быў матаролер, – кажа rіраўнік аўтарэтраклуба Сяргей Мукасей. – Да новага года мы не паспелі зрабіць – не хапіла сіл. Аднавілі працу вясной і паралельна з матарыкшай рабілі і веларыкшу, якая таксама будзе катаць людзей. Магчыма, яна спадабаецца кiтайскiм турыстам, бо яна аформлена ў азіяцкім стылі”.
Свае рыкшы клуб прэзентаваў на базе адпачынку “Прывал”. У будучыні тэхніку, магчыма, прывязуць у цэнтр горада і на Аўгустоўскі канал.

“Куды нас будуць запрашаць, туды і будзем вазіць сваю тэхніку. У планах у нас стварэнне яшчэ адной мотарыкшы, толькi ўжо з вазком. Яе мы ствараем для маладых”, – дадаў Сяргей.
Варта адзначыць, што яшчэ 40 гадоў таму матаролеры падобныя да рыкшы развозілі па горадзе хлеб ды марозіва па крамах. Пазней такі транспарт сталі выкарыстоўваць для патрэб ЖКГ. Але з часам “Мураўі” сышлі ў гісторыю. Сёння такіх матаролераў у горадзе не знайсці.





