У Гродне 29 красавіка стартаваў чэмпіянат і першынства вобласці па турысцка-прыкладным шматбор'і ў тэхніцы горна-пешаходнага і веласіпеднага турызму. У спаборніцтвах бяруць удзел больш за 200 чалавек з усіх раёнаў вобласці.
Чэмпіянат стартаваў у цэнтры горада, на тэрыторыі Швейцарскай даліны, якая ператварылася ў непраходную цясніну. А таксама на плошчы Леніна, дзе ўдзельнікам на роварах трэба было на час прайсці шэраг заданняў.
На штогадовыя спаборніцтвы ў гэтым годзе прыехала каля 200 удзельнікаў, якія прадстаўляюць 30 каманд вобласці. Праводзяцца такія спаборніцтвы для таго, каб падрыхтаваць людзей да паходаў.
«Кіраўніцтва горада і вобласці папрасіла нас як арганізатараў, каб мы вывезлі ўдзельнікаў з лесу і прыехалі ў цэнтр горада, каб людзі маглі паглядзець на спаборніцтвы. Тут мы рыхтуем людзей да летніх паходаў. Нават нехта з гараджан спрабаваў удзельнiчаць. І ў гэтым годзе і ў наступным мы настроены праводзіць і міжнародныя фэсты, спаборніцтвы па турызме. Навінкай стане „Школа выжывання“, дзе на працягу сутак, удзельнікам трэба будзе пераадолець больш за 100 км. Нам важна каб пра нас ведалі і да нас прыязджалі», — распавёў намеснік старшыні ГА «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз» Сяргей Каляда.
Спаборніцтвы ў Гродне па турысцка-прыкладным шматбор'і ў тэхніцы горна-пешаходнага і веласіпеднага турызму будуць доўжыцца тры дні. Лепшыя каманды адправяцца на першынства рэспублікі.