Закрытае мерапрыемства пройдзе ў сенатарскай зале Новага замка ў суботу 22 красавіка. На касцюміраваны баль сярэдзіны XIX стагоддзя збяруцца дамы і кавалеры з усёй Беларусі. Выпадковых людзей у бальную залу пускаць не будуць, 17 красавіка – апошні дзень каб запісацца.

Напярэдадні балю гасцей інтрыгуе цікавая танцавальная праграма, а таксама незвычайнае месца правядзення.

“Гродна натхняе сваёй гісторыяй і культурай. Мы спецыяльна выбралі Новы замак, таму што ён падыходзіць па памеры бальнай залы, па сваёй гісторыі і духу, – распавядае арганізатар мерапрыемства Мікіта Іваноўскі. – На баль змогуць трапіць тыя, хто падаваў заяўкі. Гэта ўдзельнікі, не гледачы. Знешні выгляд дам і кавалераў будзе адпавядаць балям 1840-1860-х гадоў. Дамы апранутыя ў сукенкі з крыналінамі, кавалеры ў фрачны касцюмах, звычайны касцюм-тройка, магчымы ампірны касцюм з кюлотамi”.

Арганізатары планавалі ўбачыць на сваім мерапрыемстве каля 50 чалавек, але на 15 красавіка заявіліся толькі 32 чалавекі.

Расклад балю

12:30-14:00 – з’езд гасцей
14:00-14:30 – прадстаўленне гасцей
14:30-17:00 – 1-е аддзяленне
17:00-18:00 – перапынак (фуршэт, фотакуток, нетанцавальныя забавы)
18:00-20:00 – 2-е аддзяленне
20:00-21:00 – ад’езд гасцей