З ліпеня пачне працу сучасная кіназала ў моладзевым цэнтры “Гродна”. Яна будзе разлічаны на сорак чалавек і размесціцца ў прасторным памяшканні, якое на сённяшні дзень з’яўляецца месцам правядзення дыскатэк, піша grodnonews.by.

– Кінапаказы будуць арганізаваны ў дзённы час, а па вечарах танцпол, як і раней, застанецца месцам правядзення дыскатэк,
– распавёў генеральны дырэктар КУП «Гроднааблкінавідэапракат» Юрый Аляксей. – Гэта стане магчымым дзякуючы выкарыстанню сучаснага абсталявання – дынамічнага экрана і перасоўных крэслаў, якія на час вячэрніх мерапрыемстваў будуць расстаўленыя ўздоўж сцен.

Абсталяванне для будучай кіназалы ўжо закупляецца. Яно стане самым сучасным у параўнанні з тым, што выкарыстоўваецца ва ўжо існуючых гродзенскіх кіназалах. Двухпраменевы праектар дазволіць арганізаваць паказ фільмаў фармату 4К. Што тычыцца тэхнікі, якая адказвае за перадачу гуку, яна ўжо ёсць.

Навінкай кіназалы ў моладзевым цэнтры “Гродна” стане выкарыстанне незвычайных крэслаў-рэклайнераў, якія спалучаюць у сабе мноства функцый, галоўныя з якіх – спінка, якая апускаецца, і наяўнасць падножка, які высоўваецца.

– Гэта не першая спроба стварыць у Гродне кінатэатр новага фармату, – падкрэсліў Юрый Мар’янавіч. – Раней былі запушчаны і паспяхова функцыянуюць начны кінатэатр і кінабар.

Моладзевы цэнтр “Гродна” ствараўся на базе былога кінатэатра і арганізацыя тут кінапраглядаў стане своеасаблівым аднаўленнем гістарычнага прызначэння будынка.

З пачаткам працы кіназалы моладзевы цэнтр стане ўніверсальным месцам арганізацыі вольнага часу на любы густ. Сёння тут прапануюць пракат ровараў і машынак. Не так даўно пачаў працу і першы ў вобласці гольф-клуб, дзе пачаткоўцы гальфісты могуць адточваць майстэрства круглы год.