Мінскі скульптар Сяргей Аганаў быў здзіўлены, калі яму патэлефанавалі і сказалі, што яго праца перамагла ў конкурсе эскізных праектаў на стварэнне помніка Давыду Гарадзенскаму. На конккурс майстар адпраўляў дзве працы – тая, якая выйграла, была цалкам уласнай ініцыятывай, зробленай для ўласнага задавальнення.
Працы Сяргея Аганава ёсць у розных гарадах Беларусі. З вядомых: у Мiнску – войт, у Слуцку – Анастасія Слуцкая.
“Шчыра, для мяне было каласальна нечакана, калі мне патэлефанавалі і сказалі, што мой праект перамог. – кажа Сяргей. – Я выстаўляў два праекты, адзін для вырабу з бронзы, другі творчы з граніту. Апошні рабіўся проста ў сваё задавальненне і я быў упэўнены, што гэты праект не пройдзе. Але, сябры камісіі вырашылі абраць менавіта яго”.

Са слоў майстра, гранітны помнік з аднаго вялікага кавалка зрабіць не атрымаецца. Прыйдзецца рабіць з састаўных частак. Сяргей лічыць што і ў гэтым ёсць свае плюсы.
“Для мяне Давыд Гарадзенскі гэта сімвал скалы і крэпасцi. Мне хацелася б, каб ён менавiта так i выглядаў. Хацеў, каб скульптура была сілуэтная – гістарычны вобраз у сучасным пераасэнсаваннi. Падобныя работы ёсць у літоўскіх аўтараў, якім я сімпатызую”.
Пра тэрміны выканання помніка Давыду Гарадзенскаму ў Гродне майстар пакуль казаць не можа, бо яму трэба будзе яшчэ прайсці праз шэраг узгадненняў спецыяльнага савета.
“Работы яшчэ вельмі шмат: трэба зрабіць мадэль, а пасля займацца асноўнай працай. Рубка ў камені можа заняць каля 2-3 месяцаў, на падрыхтоўчыя працы таксама сыдзе шмат часу”.
Помнік у будучыні павiнен будзе размесцiцца на скрыжаванні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага.
Нагадаем, усяго ў конкурсе ўдзельнічалі 13 прац, з іх чальцам камісіі трэба было выбраць адзiн лепшы праект. Імёны аўтараў праектаў сябры камісіі не ведалі. Галасаванне прайшло ў адкрытай форме. Толькі пасля выбару лепшага эскіза члены камісіі адкрылі канверт, дзе i было прозвішча Сяргея Аганава.








