У нядзелю 9 красавіка гродзенскія “Варвары” адкрылі новы сезон і стартавалі ў міжнародным турніры – Кубку Монтэ Кларка. Паказаўшы добрую гульню, мясцовыя футбалісты з лікам 36:12 абгулялі мінскіх “Ласёў”.

У мінулым сезоне каманда Аляксея Серабракова выступіла не вельмі ўдала. Сярод чатырох каманд гродзенцы занялі трэцяе месца і не прабіліся ў фінал Усходняй лігі амерыканскага футбола. У гэтым сезоне ў гродзенцаў вялікія планы і цалкам вырашальныя — гэта перамога ў сваім дывізіёне і, адпаведна, паўфінал пры хатніх трыбунах.

Першым супернікам, хто прыехаў у Гродна, сталі мiнскія “Ласі”. Нягледзячы на тое, што дружына праводзіць першы сезон, гэтую каманду ніхто не спісвае. Гульцы “Ласёў” трэніруюцца з мінскімі “Зубрамi” і ніхто не ведае, чаго ад iх можна чакаць.

Варта адзначыць, што за перыяд міжсезоння  “Варвары” істотна абнавілiся новымi гульцамi.

"Варвары" пачалі новы сезон з перамогі над мінскімі "Ласямі"
Гродзенскія “Варвары” атакуюць у матчы з мінскімі “Ласямі”

У першай палове матчу каманды яшчэ прыглядаліся адна да адной, але правялі яе актыўна. Гродзенцы здолелі зарабіць 2 тачдаўны і выйсці на перапынак з перавагай 20:12.

Другую палову команда Аляксея Серебракова правяла лепш. Абарона не прапускала суперніка і каманда ў цэлым дапускала менш памылак. А таксама “Варвары” здолелі знайсці слабое месца ў “Ласёў” і ўсю другую палову ў гэтае месца і ціснулі, што прывяло да пераможнага выніку. Гродзенцы нічога не прапусцілі і зарабілі 2 тачдаўны і 2 ачкі зарабіла абарона. Выніковы лiк матчу 36:12.

Галоўны трэнер “Варвараў” Аляксей Серабракоў застаўся задаволены стартам новага сезону.

“Усё прайшло выдатна, мы настройваліся на добры вынік, але такога не чакалі. Каманда паказала сябе з лепшага боку. Нечакана было для мяне, што пачаткоўцы згулялі вельмi добра. Да абароны, як заўсёды пытанняў няма, а вось лінейнаму нападзенню яшчэ ёсць чаму павучыцца – не дапрацоўваюць. А так у цэлым усё выдатна – рады што стартавалі з перамогі і тым больш пры сваіх трыбунах”.

"Варвары" пачалі новы сезон з перамогі над мінскімі "Ласямі"
Галоўны трэнер “Варвараў” Аляксей Серабракоў

Першую палову сезона гродзенцы правядуць у Кубку Монтэ Кларка. КМК — гэта міжнародны турнір з 10 камандамі удзельнікамі з 5 розных краін. У рэгулярным сезоне згуляюць 4 гульні (2 дома, 2 выезды). Дома «Варвары» ужо прымалi «Ласёў», наступная гульня ў Гродне з «Паганцамi» . Выезды ў “Варвараў” будуць у Кіеў (29 красавiка) да «Рэбелс» і ў Брэст да «Вартавых». Пасля будзе плэй-оф. Восенню ў каманды запланаваны ўдзел у Кубку РБ.