Людзі і справы

«Было як у свінарніку». Хворы гродзенскі пенсіянер адбыў 7 сутак арышту за акцыю недармаедаў

63-гадовы Мікалай Салянік з Гродна, які адседзеў 7 сутак за ўдзел у «Маршы недармаедаў», распавёў «С**бодзе», што турма не змяніла ягоных поглядаў на дзейную беларускую ўладу, а толькі загартавала перакананне, што ўладу трэба мяняць.

Мікалай Салянік упершыню ў жыцці пабываў на «сутках» у ізалятары часовага ўтрымання.

[irp posts="16 214″ name="У Гродне да пенсіянера ў лякарню прыйшла міліцыя паразмаўляць пра мітынг"]

Мікалай Салянік быў двойчы пакараны за ўдзел у абодвух «Маршах недармаедаў», якія адбыліся ў Гродне. Першы раз яго пакаралі штрафам у сем базавых велічынь — ён стаяў на прыступках аблвыканкама з бел-чырвона-белым сцягам. У судзе Салянік павярнуўся да прысутных у залі і папрасіў прабачэння, што некалі галасаваў за Лукашэнку.

Саляніка сустракае сябра па партыі АГП Ежы Грыгенча

Са шпіталя ў турму

На другі «Марш недармаедаў», 15 сакавіка, Салянік прыйшоў з тэмпературай, голас у яго быў асіплы, але ён прамаўляў на плошчы Леніна перад мітынгоўцамі. Пасля гэтага злёг у шпіталь з запаленьнем лёгкіх. Да яго двойчы наведваліся міліцыянты, але ён адмовіўся з імі размаўляць.

[irp posts="15 834″ name="Анлайн: Акцыя пратэсту супраць Дэкрэту № 3 прайшла ў Гродне. Ёсць затрыманыя"]

Паводле Саляніка, позвы ў суд ён не атрымліваў, а даведаўся, што яго судзяць, ужо пасля разгляду справы, калі засталося толькі зачытаць рашэнне. Ён прыйшоў на суд, і адтуль яго ўжо павезлі ў СІЗА. І вось сёння, праз сем сутак, Мікалай Салянік на волі.

— Спадар Мікалай, найперш — як вы пачуваецеся, як было са здароўем увесь гэты час у камеры?

— Дзякуй. Я прымаў таблеткі ўвесь час і неяк пражыў і гэта. На волі папраўлюся…

— Умовы ўтрымання моцна адбіваліся на здароўі? Адчувалі неспакой за здароўе?

— Канечне, адчуваў і небяспеку і страх, бо ў мяне ж да ўсяго хворае сэрца. Але хацелася б сказаць пра ўмовы ўтрымання — жахлівыя. Стаўленне ў добрым свінарніку чалавека да жывёлы бывае лепшае, чым было ў нашым СІЗА. Камера не праветрывалася наагул ніводнага разу за сем сутак, чатыры віды кратаў на вокнах, прыборку ў камеры ніхто не робіць. Нават калі я сам вызваўся прыбраць камеру і папрасіў венік, то мне адказалі, што ў іх няма нічога падобнага. Давялося парваць сваю кашулю на ганучу і такім чынам рабіць прыборку. Карацей, там усё робіцца толькі дзеля аднаго — зламаць чалавека.

Мікалай Салянік

У камеры былі людзі з суседніх дамоў

— Хто з вамі быў побач у гэтыя дні, што за людзі?

— Розныя былі людзі: і тыя, хто не плоціць аліментаў, і апівошы, і бандыты, і хуліганы… Толькі ўсе яны людзі, якія, дарэчы, жывуць у суседніх дамах, на суседніх вуліцах. І да мяне яны ставіліся з павагай, ведалі, за што я сяджу. Яны ставіліся да мяне нашмат лепей, чым ахоўнікі. Мне здавалася, што яны разумелі, што я сяджу тут у тым ліку і за іх.

— А як яны ставіліся да вашай беларускай мовы?

— Добра ставіліся. Ніхто ніколі дрэннага не сказаў пра нашу мову. Людзі глыбока адчуваюць, што гэта і іх у тым ліку мова. Адзінае — у кожнага да яе свой шлях. Мне здаецца, што тыя людзі, якія са мной сядзелі, гэта разумелі, а таму мы нават не казалі пра гэта ўслых.

Вырак быў хуткі

— Спадар Мікалай, вы прыйшлі на суд, калі ўжо суддзя зачытваў рашэнне па вашай справе. Што вы тады адчулі, калі вам абвясцілі сем сутак арышту?

— Папраўдзе, я быў у шоку, я ніяк гэтага не чакаў. Мне ж не прынеслі ні позвы, не патэлефанавалі, я толькі дзень таму выйшаў са шпіталя, я хворы на сэрца… Ніхто нічога не ўзяў пад увагу, суддзя так хутка зачытаў той прысуд, а потым папросту збег з залі, бо, відаць, усё ж было сорамна. Я нават не здолеў неяк адрэагаваць. Гэта было нешта.

Мікалай Салянік падчас мітынгу ў Гродне 15 сакавіка
— І вось першыя гадзіны, дні ў камеры — пра што думаецца, што не выходзіць з галавы?

— Першыя дні я насамрэч думаў толькі пра адно — што добрага я раблю для сябе, сваёй сямʼі, сваёй краіны? І з кожным днём мае перакананні ў правільнасці маіх учынкаў мацнелі. І я ні на хвілінку не пашкадаваў аб тым, што ўзяў актыўны ўдзел у абодвух «маршах недармаедаў», выступаў перад людзьмі, трымаў наш сцяг. Я моцна перакананы, што раблю гэта не для сябе, а для людзей, для Радзімы, для сваіх родных і блізкіх.

Шкадую, што раней не разабраўся ў Лукашэнку

— За вельмі кароткі тэрмін вы паспелі стаць удзельнікам двух мітынгаў, адляжалі ў шпіталі, адбылі сем сутак арышту.

— Тады, прыйшоўшы з высокай тэмпературай на мітынг, я вырашыў, што лепей памру падчас мітынгу, чым з памперсам у шпіталі. І гэта не рашэнне аднаго дня, я ішоў да гэтага гадамі, мяне некалі таксама выхоўвалі цудоўныя бацькі, добрыя настаўнікі, проста звычайныя добрыя беларускія людзі. Я вось толькі шкадую, што на пачатку 90-х гадоў не разабраўся адразу ў Лукашэнку, а ён нас тады такіх усіх папросту падмануў, нагаварыўшы пра справядлівую сацыяльную дзяржаву. Цяпер прыйшоў час і мне развеяць ягоныя міты і зрабіць нешта для сваёй Радзімы.

Мікалай Салянік нарадзіўся ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці, скончыў школу ў Горацкім раёне Магілёўскай вобласці. Адвучыўся ў Гродзенскім сельгасінстытуце. Працаваў аграномам, у тым ліку ў калгасе «Абухава» Гродзенскага раёну, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Гродзенскага райвыканкаму, дырэктарам птушкафабрыкі, старшынём калгаса, некалькі год у нямецка-беларускім сумесным прадпрыемстве «Надзея». Цяпер — пенсіянер.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Паміж могілкамі і «Гродна Азот» пабудуюць гандлёва-выставачны цэнтр

На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…

22 лістапада 2024

Google абнавіў спадарожнікавыя здымкі Гродна. Ацэніце маштабы гарадскіх будоўляў

Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…

22 лістапада 2024

«Штосьці з фільмаў жахаў». Топ-3 месцаў у Гродне, якія гараджане абыходзяць за вярсту

Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…

22 лістапада 2024

Нерухомасць тыдня: насупраць Triniti прадаюць кватэру ў мінімалістычным стылі з элементамі скандынаўскага дызайну

Праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы прадаюць трохпакаёўку ў новым доме.…

22 лістапада 2024

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024