Сонечнае надвор’е 1 красавіка дазволіла сотням байкерам адкрыць новы мотасезон у Гродне. Прадстаўнікі мотаруху праехаліся калонай па горадзе ад ДАІ да OldCity, дзе прыпаркаваліся i прынялі ўдзел у праграме адкрыцця.
На адкрыцці былі і спартыўныя байкі, і класічныя, можна было заўважыць і прадстаўнікоў савецкага мотапрама.
Павел Мацвееў, адзін з арганізатараў адкрыцця сезона, распавёў, што дзякуючы надвор’ю на пачатак сезона прыехала шмат байкераў.
«Адрозненне ад мінулага года істотнае. У гэтым годзе выдалася выдатнае сонечнае надвор’е, якое дазволіла сабрацца вялікай колькасці мотааматараў. Нас на адкрыццi было каля 500, прыехалі байкеры з Ліды, Шчучына і многіх іншых гарадоў. Людзi прыехалі каб пагутарыць і падзяліцца планамі на сезон, паказаць сваю тэхніку. Усё змагло адбыцца дзякуючы гродзенскай ДАІ, якая суправаджала нашу калону. Атрымалася вельмі прыгожа, за гэта ім вялікі дзякуй.
Хацелася б пажадаць усiм гродзенскім байкерам, каб адкаталі ўвесь сезон у задавальненне і каб у іх не было ніякіх праблем. Запрашаем усіх мотааматараў 21−22 красавіка на 13-ы байк-рок фестываль «Хавайся ў бульбу».
Начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды гродзенскай абласной ДАІ Андрэй Цыдзік распавёў, што ДАІ пачала цесна супрацоўнічаць з мясцовымі байкерамі, каб не дапускаць ДТЗ на дарогах, а таксама каб праводзіць сумесныя акцыі.
«Плённае супрацоўніцтва з байкерамі ў нас пачалося яшчэ ў мінулым годзе пасля круглага стала. Супрацоўніцтва важна, бо сярод байкераў шмат вопытных матацыклістаў. Яны ведаюць і выконваюць правілы дарожнага руху. А тая моладзь, якая сёння садзіцца за стырно матацыкла, павінна арыентавацца менавiта на гэтых байкераў».
За 2016 год на дарогах Гродзеншчыны ў ДТЗ загінулі 3 матацыклісты, пры гэтым усе — у пачатку чэрвеня. Гродзенская ДАІ просіць вадзіцеляў быць як мага больш уважлівымі на дарогах.