Калекцыі старых марак, банкнот, салдацікаў і ракавінак можна ўбачыць у краме “Багач” на вуліцы Савецкай. Там цяпер будуць выстаўляць свае каштоўнасці гродзенскія калекцыянеры.
[the_ad id=”16085″]
На першую выставу прадставілі свае калекцыі: Андрэй Мялешка – маркі першай сусветнай вайны і ранніх пасляваенных гадоў, Аляксандр Якімовіч – банкноты на Гродзеншчыне ў першай чвэрці ХХ стагоддзя, Сяргей Печарыца – нацыянальныя строі розных краін на марках, Дзмітрый Матронiчаў – марскія ракавінкі на марках і самі ракавінкі, Аляксандр Рабкоў – алавяныя салдацікі, Сяргей Стральчонак – калекцыя міліцэйскіх знакаў.
Выстаўляць прыватныя калекцыі ў краме “Багач” прапанавала абласное і гарадское кіраўніцтва. Горад аплаціў выраб выставачных стэндаў, а крама для гэтай мэты набыла тры шкляныя шафы.

“Цяпер мы гатовыя перыядычна выстаўляць калекцыйны матэрыял у краме, – распавядае старшыня народнага клуба калекцыянераў «Скарабей» Віктар Какарэка. – Выстава там мае пэўныя юрыдычныя нюансы, якія кіраўніцтва павінна ўрэгуляваць з горадам і падатковай. Нас гэта не закранае, але на гандлёвых плошчах выстаўляць нешта без аплаты патрабуе адпаведнага ўзгаднення. З пункту гледжання саміх калекцыянераў – мы гатовыя паказаць сабранае, каб “пахваліцца” і паглядзець, як рэагуюць гледачы на нашы калекцыі. Заадно мы паказваем, як прапагандуем здаровы лад жыцця”.



