Рэкордная колькасць бязвізавых турыстаў наведала парк “Аўгустоўскі канал” за мінулыя выхадныя – больш за 700, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева.

Паводле яе слоў, у адну толькі суботу 25 сакавіка правам наведаць “Аўгустоўскі канал” без візы скарысталіся звыш 500 замежнікаў.

“Гэта чарговы рэкорд, колькасць турыстаў з кожным тыднем павялічваецца. З пачатку сакавіка за ўікэнд у рэгіён заязджалі па 550-600 бязвізавых турыстаў”, – адзначыла Таццяна Лідзяева. Яна дадала, што ў асноўным турысты карыстаюцца пунктам пропуску “Прывалка-Райгардас” на беларуска-літоўскай мяжы, і гэта нядзіўна, бо каля 65% бязвізавых гасцей – грамадзяне Літвы.

“У мінулыя выхадныя Гродна прымаў і групу прадстаўнікоў турыстычнага бізнесу з Літвы. Кіраўнікі і прадстаўнікі турфірмаў за два дні пазнаёміліся з найбольш цікавымі для турыстаў аб’ектамі ў самым Гродне і ў яго ваколіцах. Убачаным яны засталіся задаволеныя”, – распавяла Таццяна Лідзяева.

З пачаткам сезону Гродна і Аўгустоўскі канал чакаюць яшчэ большай колькасці гасцей. Афіцыйна турыстычны сезон стартуе з 1 мая,
ўсё падрыхтоўкі да яго – у завяршальнай стадыі.

Бязвізавы рэжым у парку “Аўгустоўскі канал”, уключаючы Гродна і наваколлі, дзейнічае з 26 кастрычніка. Без візы госці могуць уехаць на тэрмін да пяці сутак на тэрыторыю парку і прылеглыя населеныя пункты Гожскага, Капцёўскага, Адэльскага, Падлабенскага,
Сапоцкінскага сельскіх саветаў Гродзенскага раёна і горад Гродна. За гэты час рэгіён наведалі звыш 6,6 тыс. бязвізавых турыстаў з 33 краін свету.