Плануецца, што ў новым турыстычным сезоне пункт пропуску «Лясная-Рудаўка» на Аўгустоўскім канале будзе даступны для турыстаў, якія вандруюць на роварах і пешшу. Пра гэта стала вядома па выніках пасяджэння ў Гродне падкамісіі па пытаннях пунктаў пропуску і інфраструктуры беларуска-польскай міжведамаснай каардынацыйнай камісіі па справах трансгранічнага супрацоўніцтва, перадае БЕЛТА.
Плануецца, што з 1 мая, калі пачнецца афіцыйны турыстычны сезон, «Лясная-Рудаўка» будзе даступная для пешаходаў і веласіпедыстаў. Да завяршэння міждзяржаўнай працэдуры пункт пропуску будзе працаваць у пілотным рэжыме.
«Гродзенская вобласць і польскі бок сёння распрацоўваюць сумесныя схемы турыстычнага руху ад Беластока, Аўгустоўскага канала да Гродна. Каб сумесныя маршруты працавалі, неабходны і гэты пункт пропуску на воднай артэрыі. Статус пункта пропуску „Лясная-Рудаўка“ будзе зменены з рачнога на веласіпедна-пешаходна-рачны», — адзначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрый Шулейка. Ён падкрэсліў, што з беларускага боку завершана падрыхтоўка ўсёй неабходнай інфраструктуры. Падрыхтаваны турыстычныя маршруты.
Таксама падчас пасяджэння падкамісіі абмяркоўвалася адкрыццё пункта пропуску «Сафіева-Ліпчаны» на беларуска-польскай мяжы. «Ён дазволіць уключыць нашы пешаходныя і веласіпедныя турыстычныя маршруты ў міжнародную сетку. У прыватнасці, выйсці на веламаршрут ад Грэцыі да Скандынавіі, які праходзіць непадалёк ад Гродна», — адзначыў Юрый Шулейка.
Цяпер прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні там інфраструктуры як з польскага, так і з беларускага боку. «На наступнай падкамісіі, пасяджэнне якой пройдзе на працягу паўгода, будуць прынятыя рашэнні аб канкрэтных тэрмінах рэалізацыі гэтага праекта», — адзначыў старшыня падкамісіі Алег Ляшук. Ён падкрэсліў, што зацікаўленасць у гэтым выказвае і польскі бок.
Адзначалася, што стварэнне новага пункта пропуску дазволіць скараціць адлегласць ад Гродна да Аўгустова ў два разы да 57 км.