У Гродне 1 сакавіка праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 100-годдзя беларускай міліцыі. У гэты дзень ветэраны, кадэты і дзеючыя супрацоўнікі міліцыі прайшлі маршам ад плошчы Савецкай да будынка УУС Гродзенскага аблвыканкама. Па шляху калона ўсклала ў парку імя Жылібера кветкі да помніка воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Шэсце міліцыянтаў па вуліцах Гродна ўжо стала традыцыяй для горада. Сёлета калону супрацоўнікаў вырашылі разнастаіць ветэранамі, жанчынамi і кадэтамі.

«4 сакавіка беларуская міліцыя адсвяткуе 100-гадовы юбілей. Гэта знакавая падзея для ўсіх супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, бо мы ганарымся сваёй службай, правапарадкам і стабільнасцю, якія забяспечаны ў нашай краіне», — сказаў начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Вадзім Сіняўскі.

21

Каля будынка УУС прайшоў мітынг, дзе ўзнагародзілі лепшых супрацоўнікаў. У гэты ж дзень запланаваны яшчэ ўрачысты сход супрацоўнікаў мiлiцыi ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры.