Футбольны “Нёман” у суботу 18 лютага правёў у новым гродзенскiм манежы першы матч. Памерацца сіламі з камандай Ігара Кавалевіча прыехаў мінскі “Прамень”, які выступае ў Першай лізе. Супернікі правялі добры матч, але перамога дасталася больш дасведчаным футбалістам з Гродна.
Матчу ў манежы чакалі шматлікія аматары футбола ў Гродне. Паглядзець на новабуд і на новую гродзенскую каманду прыйшло каля 200 чалавек. Хоць афіцыйнага адкрыцця футбольнага манежа не было, галоўная каманда горада ўжо актыўна трэніруецца там. Афіцыйна манеж плануюць адкрыць 23 лютага
У гульні з “Праменем” гродзенцы выступалі наступным складам:
Курганскі (Шышлаў, 46), Бебе (М.Яблонскi, 36), Хвалько (Горбач, 61), Анюкевiч (Абуна, 46), Валовік (Наско, 46), Якімаў, Савіцкі (Журневiч, 61), Жукоўскі (Яроцкі , 46), Канавалаў (Цэслюкевiч, 46), Сянкевіч (Клімовіч, 46), Лакціёнаў (Канцавы, 46).
“Нёман”, як гаспадар, актыўна пачаў матч і гэта прынесла вынік. Ужо на 2-й хвіліне навабранец гродзенцаў Жукоўскі эфектна са штрафнога адправіў мяч у вароты “Праменя”. Ужо да 30-й хвіліны ўсё той жа Жукоўскі пасля паса яшчэ аднаго навабранца Лакцiёнава афармляе дубль. А праз дзве хвіліны забівае і сам Лакціёнаў, у ролі асістэнта ў яго выступіў Савіцкі.

Другі тайм госці сталі гуляць больш сур’ёзна і смялей, атакі ля варот Шышлава станавіліся ўсё больш небяспечнымi. У выніку актыўнай гульні “Прамень” здолеў размачыць вароты “Нёмана”. Зрабіў гэта на 62-й хвіліне Архіпаў. Гродзенцы ў другой палове матчу таксама мелі добрыя моманты каля варот супернiка, але вызначыцца ў гульні больш нікому не ўдалося.
Неман – Луч(Д2) – 3:1 (3:0)
Пасля матчу галоўны трэнер гродзенцаў Ігар Кавалевіч адзначыў, што ў гульні з “Праменем” не было цэласнасці.
– Гульня з “Праменем” не склала цэласнага ўяўлення. Калі ў першым тайме атрымлівалася ажыццяўляць некаторыя напрацоўкі, то другі тайм быў зусім іншым і не змог даць інфармацыю пра гульцоў, бо мы змянілі цалкам увесь склад.
– Што можаце сказаць пра тых гульцоў, якія знаходзяцца на праглядзе ў камандзе?
– На прагляд у клуб прыехаў Аляксей Валовік, але мы, думаю, адмовімся ад яго паслуг. Што ж тычыцца легіянераў, то іх трэба падпісваць для гульні ў асноўным складзе. Па гэтай прычыне Канавалаў цяпер не будзе выступаць за “Нёман”, бо я не магу гарантаваць яму месца ў аснове, таму што на яго пазіцыі ёсць Яроцкі і Клімовіч, так што да варыянту з яго падпісаннем мы вернемся ў летняе трансфернае акно. Адмовімся мы і ад падпісання кантракта з камерунцам Абунай, бо Анюкевiч на яго пазіцыі выглядае лепш.
У вынiку ўдалай гульнi з “Праменем” “Нёман” атрымоўвае чарговую перамогу ў міжсезонне. Зараз баланс сустрэч у каманды, выглядае так: +3=1-2, мячы 10-7.
Наступную таварыскую гульню каманда Iгара Кавалевiча правядзе таксама ў Гродне, дзе будзе прымаць ФК “Лiда”. Матч пройдзе 22 лютага ў манежы.






