Эканамічны суд Гродзенскай вобласці прыцягнуў ТДА «Фірма АВС» да адміністрацыйнай адказнасці за нядобрасумленную канкурэнцыю, паведамілі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Гродзенская фірма ўвяла на рынак маянэз «Провансаль Тот самый вкус!», упакоўка якога надта нагадвае ўпакоўку «КАМАКО Провансаль Столичный». Судовая калегія па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага Суда палічыла гэта актам нядобрасумленнай канкурэнцыі.
Галоўнае упраўленне Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю па Гродзенскай вобласці накіравала ў Эканамічны суд Гродзенскай вобласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Пастановай Эканамічнага суда Гродзенскай вобласці ад 5 студзеня 2017 года «Фірма ABC» прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці на суму ў памеры 400 базавых велічынь (9 200 рублёў).
Пастанова суда выканана.