Блогер Яўген Аснарэўскi стварыў чарговую петыцыю. Гэтым разам гродзенец выступіў за захаванне драўляных будынкаў горада. Яўген плануе з дапамогай петыцыi звярнуць увагу гарадскіх уладаў і Міністэрства культуры на ўнікальныя помнікі архітэктуры, якім пагражае знос.

«Лічу, што першая петыцыя, пра помнік Стэфану Баторыю, дасягнула мэты. Такія петыцыі прыцягваюць шмат увагі да праблемы, а праблема з драўлянай архітэктурай у нашым горадзе сапраўды ёсць. У той жа Вільні аналагічныя будынкi прыведзены ў парадак і выдатна глядзяцца.

Трэба разумець, што драўляная спадчына — не менш важная за каменную. Цяпер ідзе барацьба за турыста, а заходняму турысту такія будынкі могуць быць нават цікавыя. Каменнай старадаўняй архітэктуры ў іх сваёй поўна, а вось драўляная — гэта асаблівасць дадзенага рэгіёну, яе трэба прасоўваць. Акрамя таго, захоўваць такія будынкі абавязак беларусаў, гэта наша спадчына і яна не павінна знішчацца", — распавёў Яўген Hrodna.life.

Адрэстаўраваны драўляны дом у Вільні. (фота varandej)
Адрэстаўраваны драўляны дом у Вільні. (фота varandej)
Блогер лічыць, што закінутыя драўляныя пабудовы ў цэнтры Гродна яшчэ можна выратаваць.

«Не такi ўжо і дрэнны стан у нашых будынкаў. Гэта невялікія пабудовы, нават у выпадку замены цэлых частак гэта не будзе каштаваць нейкіх шалёных грошай. Гэта не тое самае, што адбудоўваць храмы. Было б жаданне».


Чытайце таксама: Новы Свет — горад, які мы страцілі за некалькі гадоў


У першую чаргу Яўген просіць гарадскія ўлады і Міністэрства культуры садзейнічаць унясенню гродзенскай драўлянай спадчыны, а менавіта дамоў па вуліцах Горкага 5, Міцкевіча 7 і 9 і Ваўковіча 23 у спіс гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама рэстаўрацыі гэтых будынкаў.

Мінулую петыцыю Аснарэўскага — за ўстаноўку помніка Стэфану Баторыю ў Гродне — падпісала больш за 1300 чалавек.