Іудзейская абшчына Гродна разам з міжнародным праектам “Кіслеў” да сусветнага Дня памяці ахвяр Халакоста (27 студзеня) правядзе памятнае мерапрыемства “Гродна ведае, Гродна памятае”. У яго ўключаны ў тым ліку і “Марш Жыцця”, які пройдзе 29 студзеня.

Плануецца, што ў мерапрыемстве прымуць удзел таксама дыпламаты, консульскія супрацоўнікі і прадстаўнікі адміністрацыі горада.

“27 студзеня 1945 года быў вызвалены самы вядомы канцлагер – Асвенцім. Нашых суайчыннікаў – гродзенскіх яўрэяў – у час акупацыі вывозілі масава акурат у гэты лагер смерці. Мы лічым, што мерапрыемства “Гродна ведае, Гродна памятае” важнае для горада, бо ў Асвенцыме паміралi і гродзенцы. Мы не павінны забываць гісторыю і нашых гараджан, якія загінулі проста таму, што былі яўрэямі”, – распавёў прадстаўнік праекта “Кіслеў” Натан Шамсутдынаў.

“Марш Жыцця” пройдзе 29 студзеня ў 11:00 ад мемарыяльнай дошкі Гродзенскага гета №1 да сінагогі. У самым малітоўным доме пройдзе запальванне свечак памяці і музычна-тэатралізаваная пастаноўка “Дзеці вайны”.

Чытайце яшчэ:  Выжыў толькі адзін працэнт. 75 гадоў таму гродзенскiх яўрэяў сагналі ў гета каб знішчыць