У студзені 2016 года ў Гродзенскае тралейбуснае ўпраўленне сталі паступаць новыя бескантактавыя тралейбусы. Усяго іх у горадзе будзе 5, у канцы месяца іх плануюць афіцыйна прадставіць і пусціць па маршрутах.
Пакуль прыбылі толькі два тралейбусы, але да канца тыдня павінны прыйсці ўсе астатнія. На маршруце Вішнявец-Дзевятоўка (праз Індурскую шашу) будуць задзейнічаны чатыры бескантактавыя тралейбусы, пяты застанецца ў рэзерве на замену.
Тралейбусы вытворчасці «Белкамунмаш» зараджаюцца, калі падключаныя да кантактнай сеткі, а потым могуць ехаць пэўны час без яе.
Гродзенскі спецыяліст па грамадскім транспарце Аляксандр Стаскевiч распавёў Hrodna.life, што навiнка з’яўляецца пераходным звяном ад звыклых тралейбусаў да электробусаў.
«Гораду патрэбныя такія тралейбусы. Яны дапамогуць развіць сетку электратранспарту, можа нават да памераў аўтобуснай сеткі. Даўно ў горадзе хадзілі планы пусціць тралейбус на чыгуначны вакзал. Зараз гэта будзе цалкам рэальна, нават без мантажу кантактнай сеткі.
Што тычыцца гэтай мадэлі, то, акрамя Гродна, адзін такі экзэмпляр знаходзіцца ў Гомелі. Падобныя ёсць і ў Брэсце, але там з дызельнымі генератарамі".