Пасля працяглай міжнароднай паўзы аднавіўся чэмпіянат Беларусі па хакеі. У Гродне 22 снежня “Нёман” прымаў салігорскі “Шахцёр” і ўпэўнена абыграў свайго суперніка з лікам 6:1.

За час перапынку каманда Сяргея Пушкова так засумавала па гульні, што проста не пакінула шанцаў “Шахцёру”.

Гродзенцам удалося хутка вызначыцца. Зрабілі яны гэта ў меншасці на 2-й хвіліне матчу. Адметна тое, што шайбу закінуў навабранец каманды Канстанцін Багданоўскі. Праз чатыры хвіліны дакладным кідком Коршунаў падвойвае перавагу “Нёмана”. Больш вызначыцца гродзенцам у перыядзе не атрымалася.

Старт другога выйшаў вельмі добрым. За 1,5 хвіліны гульцы “Нёмана” здолелі закінуць тры шайбы ў вароты “Шахцёра”. Вызначыліся Рэмезаў, Баярчук і Дарафееў. Таксама ў другім перыядзе на 29-й хвіліне Баярчуку ўдалося аформіць дубль.

У трэцяй дваццаціхвілінцы падапечныя Сяргея Пушкова шайбаў не закінулі, хоць момантаў для ўзяцця варот было дастаткова. Гол прэстыжу, а таксама кропку ў матчы, паставіў на 45-й хвіліне легіянер “Шахцёра” Робінсан.

“Нёман” – “Шахцёр” 6:1 (2:0, 4:0, 0:1)

01.15 1:0 – Багданоўскі (Гарбачэнка, – мен.)
05.08 2:0 – Коршунаў (Баярчук, Бадун)
22.12 3:0 – Рэмезаў (Жыдкіх, Лісічкін)
22.44 4:0 – Баярчук (Дадонаў)
23.34 5:0 – Дарафееў (Гарбачэнка, Лакканен)
29.54 6:0 – Баярчук
44.19 6:1 – Робінсан (Ляўша, Дзямкоў, – бол.)

Пасля перамогі над “Шахцёрам” “Нёман” працягнуў займаць другое месца ў турнірнай табліцы. У гродзенскай каманды ў актыве 65 ачкоў. На першым месцы ідзе “Юнацтва” – 71 ачко.

Ужо 24 снежня “Нёману” трэба будзе зноў сустрэцца з “Шахцёрам”, на гэты раз гульня пройдзе ў Салігорску.